Маскоўскія паліцыянты затрымалі ўдзельніцу Pussy Riot Вераніку Нікульшыну. Па інфармацыі расейскага парталу «ОВД-Инфо», яе павезьлі ў раённы аддзел паліцыі.
Тэлеканал «Дождь» паведаміў пра затрыманьне яшчэ адной актывісткі Pussy Riot — Марыі Алёхінай. У тэлеграм-канале «Дождя» апублікавалі відэа, на якім яе цягнуць двое паліцэйскіх. Удзельнік Pussy Riot Пётр Вярзілаў расказаў, што Алёхіну затрымалі перад інтэрвію тэлеканалу.
Гурт Pussy Riot прымеркаваў акцыю супраць дзяржаўнай гамафобіі да 7 кастрычніка — дня нараджэньня прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Актывісты вывесілі вясёлкавыя сьцягі на будынках ФСБ, адміністрацыі прэзыдэнта, Вярхоўнага суду і Міністэрства культуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нож мой толькі для цябе». Лідэрка расейскага рок-гурту Pussy Riot — пра хатні гвалтУдзельнікі акцыі запатрабавалі расьсьледаваць забойствы і выкраданьні геяў, лесьбіянак, трансгендэраў і квір-людзей у Чачні, спыніць перасьлед актывістаў і арганізацый, якія дапамагаюць ЛГБТК-супольнасьці, легалізаваць аднаполыя партнэрствы, а таксама адмяніць дзейны закон аб прапагандзе так званых нетрадыцыйных сэксуальных адносін сярод непаўналетніх.