Амэрыканскі сэнатар: «Для ЗША вельмі важнае вызваленьне Віталя Шклярава»

Віталь Шкляраў

Урад ЗША робіць усё магчымае для вызваленьня арыштаванага ў Беларусі Віталя Шклярава, кажа амэрыканскі сэнатар-дэмакрат Джэк Рыд.

«Мы хочам запэўніць яго сям’ю, што ён не забыты. Што мы павінны ўжыць увесь дыпляматычны ціск дзеля ягонага вызваленьня, і гэта вельмі важна для нашай краіны».

Шкляраў, палітычны аналітык з Вашынгтону з падвойным грамадзянствам — Беларусі і ЗША — быў арыштаваны ў канцы ліпеня ў Гомлі, дзе адведваў пажылых бацькоў. Яму закідаецца падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку. За кратамі ён перахварэў на каранавірус.

Шкляраву 44 гады. Як ён сам сябе пазыцыянаваў — «амэрыканскі, нямецкі і расейскі палітычны кансультант, паліттэхноляг, дарадца выбарчых кампаній Барака Абамы, Бэрні Сандэрса, Ангелы Мэркель, Ксеніі Сабчак». Жонка Шклярава — грамадзянка ЗША, дыплямат, працуе ў амбасадзе ЗША ў Кіеве.