Найбліжэйшым часам палітычны крызіс у Беларусі наўрад ці будзе ўрэгуляваны, і гэта будзе мець нэгатыўны ўплыў на нацыянальную эканоміку. Да такой высновы прыйшлі аналітыкі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Standard & Poor’s, якія падрыхтавалі справаздачу па сувэрэнных рэйтынгах Беларусі.
Аналітыкі агенцтва пацьвердзілі сувэрэнныя рэйтынгі Беларусі на ўзроўні «B» з нэгатыўным прагнозам. Адна з прычын для такога прагнозу, гаворыцца ў справаздачы, — палітычная сытуацыя, якая склалася ў краіне пасьля выбараў.
Экспэрты агенцтва канстатуюць, што ў Беларусі працягваюцца штотыднёвыя акцыі пратэсту, а Аляксандар Лукашэнка «па-ранейшаму адмаўляецца пачынаць перамовы з прадстаўнікамі апазыцыі для ўрэгуляваньня крызісу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзтва новае, улада старая: як ім суіснаваць?«Мы лічым, што выхад зь цяперашняй складанай сытуацыі можа быць асабліва абцяжараны з прычыны адсутнасьці ў Беларусі незалежных інстытутаў, якія маглі б стаць годным даверу незалежным арбітрам і дапамагчы эфэктыўна вырашыць існуючыя супярэчнасьці», — адзначаюць аналітыкі рэйтынгавага агенцтва.
Яны зьвяртаюць увагу, што на працягу многіх гадоў Аляксандар Лукашэнка кантралюе ўсе ключавыя галіны ўлады, а сыстэма стрымліваньняў і проціваг паміж рознымі дзяржаўнымі органамі была абмежаваная.
«Пры гэтым у краіны няма вопыту перадачы ўлады падчас выбараў. Урэгуляваньне сытуацыі найбліжэйшым часам уяўляецца нам усё менш верагодным. Пасьля некалькіх тыдняў павышанай валятыльнасці мы мяркуем, што пэрыяд складанай палітычнай сытуацыі ў краіне можа зацягнуцца», — гаворыцца ў справаздачы Standard & Poor’s.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня плацяць камуналку, не бяруць бюджэтныя грошы. Як пратэст беларусаў адбіваецца на эканоміцыКалі сытуацыя ня зьменіцца, яна будзе аказваць нэгатыўны ўплыў на беларускую эканоміку, лічаць аналітыкі.
«З нашага пункту гледжаньня, бягучыя падзеі нэгатыўна ўплываюць на тэхналягічны сэктар Беларусі. Пасьля выбараў праца інтэрнэту была спыненая на некалькі дзён, што, верагодна, падарве давер замежнага і беларускага бізнэсу да IT-сэктару, які ў апошнія гады быў важным фактарам эканамічнага росту», — лічаць экспэрты.
Аналітыкі рэйтынгавага агенцтва таксама дапускаюць, што пратэставыя настроі могуць аднавіцца ў рэальным сэктары эканомікі. «У жніўні на розных дзяржпрадпрыемствах мелі месца акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў. І хоць яны ў цэлым спыніліся, а эфэкт ад іх аказаўся абмежаваны, іх магчымае аднаўленьне можа ў далейшым аслабіць пазыцыі і без таго ўразьлівых дзяржпрадпрыемстваў», — мяркуюць аналітыкі рэйтынгавага агенцтва.