У Кіргізстане працягваецца палітычны крызіс

У Кіргізстане пасьля парлямэнцкіх выбараў і масавых пратэстаў супраць абвешчаных вынікаў галасаваньня працягваецца палітычны крызіс. Незразумела, хто кантралюе сілавыя структуры, хто цяпер прэм’ер-міністар, дзе прэзыдэнт і ці мае ён рэальную ўладу.

У сталіцы Бішкеку было створана некалькі паралельных органаў улады. Працягваюцца масавыя акцыі, а таксама спробы захопу прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў.

Вынікі парлямэнцкіх выбараў былі афіцыйна скасаваныя. Гэта адбылося пасьля таго, як дэманстранты, незадаволеныя абвешчанымі вынікамі, занялі будынак парлямэнту і некалькі ўрадавых будынкаў і вызвалілі былога прэзыдэнта Алмазбека Атамбаева і яго прыхільнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіргізстане выбралі новага сьпікера парлямэнту і вылучылі часовага кіраўніка ўраду

Прэм’ер-міністар падаў у адстаўку. Група дэпутатаў парлямэнту папярэдняга скліканьня абвясьціла новым прэм’ер-міністрам апазыцыйнага палітыка Садыра Джапарава. Частка апазыцыйных сілаў не пагадзілася з гэтым рашэньнем. Яны сьцьвярджаюць, што на сходзе не было кворуму. Праціўнікі Джапарава стварылі ўласную каардынацыйную раду, у якую ўвайшлі прадстаўнікі некалькіх партый.

У цэнтры Бішкеку працягваецца мітынг, на якім пратэстоўцы выступаюць супраць прызначэньня Джапарава і заклікаюць да імпічмэнту кіраўніка дзяржавы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля масавых пратэстаў ЦВК Кіргізстану анулявала вынікі парлямэнцкіх выбараў

Незразумела, дзе цяпер прэзыдэнт Сааранбай Жээнбекаў. Ягоны прэсавы сакратар кажа, што кіраўнік дзяржавы ў Бішкеку. Пасьля выбараў Жээнбекаў двойчы выступаў публічна, але не зьяўляўся на людзях. Ён кажа, што не падаў у адстаўку і застаецца прэзыдэнтам. Але невядома, ці падпарадкоўваюцца яму якія-небудзь праваахоўныя органы.

Масавыя дэманстрацыі пачаліся 5 кастрычніка. Пратэсты падтрымалі больш за дзесяць апазыцыйных партыяў Кіргізстану. Падчас беспарадкаў больш за 700 чалавек былі параненыя, адзін памёр.