Прэсавы сакратар расейскага лідэра адзначыў, што Сьвятлана Ціханоўская не знаходзіцца ў Беларусі, «наўрад ці можна сказаць, што яна неяк удзельнічае ў жыцьці» краіны, цытуе Сяргея Пяскова ТАСС.
Такім чынам Пяскоў адказаў на пытаньне, ці азначаюць словы Пуціна, што Масква «ў кантакце з усімі ўдзельнікамі, з усімі бакамі канфлікту» ў Кіргізстане, што падобны кантакт магчымы і з апазыцыяй у Беларусі.
«Гаворка ідзе пра палітычныя партыі ў Кіргізстане, якія прымалі ўдзел у выбарах, якія цяпер зьяўляюцца ўдзельнікамі палітычнага ляндшафту ў Кіргізстане і знаходзяцца ў краіне. Спадарыня Ціханоўская не знаходзіцца ў Беларусі, наўрад ці можна сказаць, што яна неяк удзельнічае ў жыцьці Беларусі, — сказаў Пяскоў. — Якіх-небудзь кантактаў не плянуецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская: усеагульныя дзеяньні ў абарону правоў чалавека не зьяўляюцца ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі
Прадстаўнік Крамля падкрэсьліў, што Ціханоўская «знаходзіцца на тэрыторыі Эўразьвязу, актыўна падарожнічае па краінах, сустракаецца з рознымі кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў, якія, у сваю чаргу, лічаць нелегітымным дзейнага кіраўніка Беларусі — там зусім іншая сытуацыя».
Ціханоўская падчас сваёй цяперашняй паездкі ў Бэрлін заявіла, што як палітык хацела б сустрэцца з Пуціным, «каб зразумець, чаму ён падтрымлівае Лукашэнку». Яна заклікала прэзыдэнта РФ стаць адным з пасярэднікаў у перамовах паміж уладамі Беларусі і апазыцыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: Ангела Мэркель выказала захапленьне беларускімі жанчынамі
Сёньня ў Бэрліне адбылася сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай зь віцэ-канцлерам Нямеччыны Олафам Шольцам, учора — перамовы з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель.