Стала вядома, калі могуць запусьціць акумулятарны завод пад Берасьцем

Акумулятарны завод пад Берасьцем

Акумулятарны завод пад Берасьцем плянуюць запусьціць у эксплуатацыю ў канцы студзеня 2021 году, калі ня будзе ніякіх перашкод, паведаміў дырэктар «Акумулятарнага альянсу» Зьміцер Бутаў 6 кастрычніка падчас сустрэчы з грамадзкасьцю, піша Tut.by.

«Плянуецца, што прыёмачная камісія будзе працаваць з канца сьнежня па канец студзеня. Таму папярэдне ў нас у плянах на канец студзеня ўвод прадпрыемства ў эксплуатацыю — але пасьля пацьверджаньня усіх крыніц», — сказаў Зьміцер Бутаў.

На сустрэчы з грамадзкасьцю прысутнічалі і праціўнікі будаўніцтва. Жыхарка Берасьцейскага раёну Тацяна Фесікава задала пытаньне, ці нехта панёс пакараньне за тое, што адбылося падчас папярэдняй пусканаладкі, калі ў 178 разоў было перавышэньне сьвінцу паводле адной з крыніц.

На гэта Родчанка адказаў, што гэтае перавышэньне «выявілі пры першых пусках і ў далейшым ліквідавалі», прадпрыемства заплаціла за нанесеную шкоду. Больш за тое, перавышэньне тое, паводле Родчанкі, «мізэрнае». Калі жпрадпрыемства перавысіць паказьнікі па выкідах, завод працаваць ня будзе, падкрэсьліла кіраўніцтва «Акумулятарнага альянсу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці перадумалі праводзіць рэфэрэндум аб акумулятарным заводзе, які абяцаў Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка ў чэрвені абяцаў праціўнікам будаўніцтва акумулятарнага заводу, што лёс прадпрыемства вырашыць мясцовы рэфэрэндум. Яго пакуль не было, і падобна, што лёс прадпрыемства вырашаюць безь яго.

Праваабаронца Раман Кісьляк на сустрэчы сказаў, што ініцыятыўная група праціўнікаў акумулятарнага заводу працягвае працу для правядзеньня мясцовага рэфэрэндуму аб лёсе прадпрыемства. 29 верасьня актывісты адправілі на ўзгадненьне ў райвыканкам пытаньне, якое яны прапануюць вынесьці на галасаваньне, пра тое, ці згодныя мясцовыя жыхары на ўвод у эксплуатацыю акумулятарнага заводу.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем

  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.