Кіраўнік Беларускага саюза журналістаў, палітычны аглядальнік «Белтэлерадыёкампаніі» Андрэй Крывашэеў выказаўся наконт таго, што ў некаторых навіновых сюжэтах на БТ Літву, Польшчу і Ўкраіну падпісвалі савецкімі назвамі.
«Арыгінальнымі геаграфічнымі тытрамі, якія нядаўна зьявіліся на галоўных тэлеканалах краіны, на мой погляд, перш за ўсё падкрэсьлівалася наша агульная і слаўная мінуўшчына з Польшчай, Літвой і Ўкраінай», — сказаў Крывашэеў у адмысловым відэа.
Паводле Крывашэева, «падобныя геатытры выклікалі вельмі дзіўную, а часам нават балючую рэакцыю ў нашых суседзяў», але, як запэўнівае палітычны аглядальнік БТ, і беларусам «апошнім часам дзіўна чуць з боку блізкіх нам рэспублік вельмі недружалюбную рыторыку», напрыклад заявы аб прызнаньні або непрызнаньні, «якія не датычацца, ну ці не павінны датычыцца нашых партнэраў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БТ пачало падпісваць Польшчу «былой Польскай Народнай Рэспублікай», а Літву — «былой савецкай рэспублікай»«Мяркую, што такімі настальгічнымі тытрамі галоўныя тэлеканалы Беларусі вырашылі дастукацца да нашых калег на захадзе і поўдні. І, мяркуючы па іх вострай рэакцыі, нас сапраўды пачулі. Спадзяюся, што і высновы зрабілі правільныя», — сказаў Крывашэеў.
Пасьля інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі шэраг краін Эўразьвязу — у тым ліку Літва, Польшча і Ўкраіна — заявілі, што ня лічаць яго ўступленьне на пасаду законным і ня лічаць яго легітымным прэзыдэнтам.
Некалькі дзён таму на дзяржаўных тэлеканалах Беларусі ў выпусках навінаў кадры з Польшчы, Літвы і Ўкраіны суправаджалі тытрамі, якія называлі гэтыя краіны «былая Польская Народная Рэспубліка», «былая савецкая рэспубліка Літва», «былая УССР», адсылаючы да часоў існаваньня Савецкага Саюзу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія краіны ўжо не прызналі Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам. Абнаўляецца