Лукашэнка павіншаваў Пуціна з народзінамі, згадаўшы выбары ў Расеі і саюзную дзяржаву

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін

7 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка павіншаваў кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна з днём народзінаў, паведамілі БелТА ў прэс-службе Лукашэнкі.

«Унутраная і замежная палітыка, якая праводзіцца пад вашым кіраўніцтвам, накіравана на эфэктыўнае сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё Расеі, павышэньне яе аўтарытэту і ўплыву ў сьвеце, карыстаецца шырокай і несумненнай падтрымкай грамадзян. Яскравым пацьвярджэньнем гэтаму зьяўляюцца вынікі выбараў у адзіны дзень галасаваньня 13 верасьня 2020 году», — гаворыцца ў віншаваньні.

Лукашэнка адзначыў, што высока цэніць Пуціна як «надзейнага сябра Беларусі і пасьлядоўнага прыхільніка пашырэньня інтэграцыйных працэсаў на лініі Саюзнай дзяржавы, якія цалкам адпавядаюць намерам двух брацкіх народаў сумеснымі намаганьнямі будаваць годную будучыню».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Я б ня меў ніякіх ілюзіяў наконт ролі Пуціна ў беларускім крызісе, — Радзіхоўскі

Ён выказаў упэўненасьць, што «адносіны стратэгічнага партнэрства» паміж Беларусьсю і Расеяй будуць і ў далейшым «эфэктыўна разьвівацца».

Віншаваньне апублікавалі на сайце дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА а 7:00 раніцы 7 кастрычніка — раней, чым у папярэднія гады. У мінулыя 5 гадоў навіны пра віншаваньне на БелТА зьяўляліся:

2019 — 9:48;

2018 — у 9:06 (і ў 11:06 пра тэлефоннае віншаваньне);

2017 — у 9:05;

2016 — у 7:11;

2015 — у 7:14 (і ў 16:00 пра тэлефоннае).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка павіншаваў Пуціна з днём народзінаў пазьней, чым звычайна