Культура гатаваньня баршчу ўвойдзе ва ўкраінскі Нацыянальны сьпіс элемэнтаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны

Культура гатаваньня баршчу ўвойдзе ў Нацыянальны сьпіс элемэнтаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, паведамілі ў Міністэрстве культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны.

«Гэта важны крок у падрыхтоўцы намінацыі культуры гатаваньня баршчу ў Рэпрэзэнтацыйны сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO», — адзначылі ў міністэрстве.

Таксама ў Нацыянальны сьпіс элемэнтаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны мяркуецца ўнесьці:

  • Тэхналёгію стварэньня клэмбоўскай кашулі «з кветкай»;
  • Велікодную ўрачыстасьць у вёсцы Раскашоўка Тэпліцкага раёну Віньніцкай вобласьці;
  • Баршчоўскую народную вышыўку;
  • Карпацкае ложніцтва (выраб традыцыйных ваўняных коўдраў).

Нацыянальны сьпіс элемэнтаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Ўкраіны вядзецца ў адпаведнасьці з артыкулам 12 Канвэнцыі UNESCO аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якую Ўкраіна ратыфікавала ў 2008 годзе. На 1 красавіка 2020 году сьпіс уключае 18 пунктаў.