Былая кіраўніца прытулку для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава», актыўная ўдзельніца жаночых маршаў і мірных пратэстаў Вольга Гарбунова яшчэ некалькі гадоў таму праводзіла семінары для ўчастковых міліцыі пра хатні гвалт, а цяпер бачыць іхныя вочы праз балаклавы падчас затрыманьняў на жаночым маршы.
У выніку пандэміі сацыяльна-культурная прастора НОРМ для працаўладкаваньня былых ахвяраў хатняга гвалту ліквідавалася, не пачаўшы дзейнічаць. Сама Вольга пайшла працаваць кіроўцай таксі. У інтэрвію яна расказвае, як раней яе сьцягам быў чорны, анархісцкі, а цяпер стаў бел-чырвона-белы, а таксама пра ўдзел ЛГБТ-людзей у мірных пратэстах.
Цалкам глядзіце размову на відэа
Прапануем фрагмэнты дыскусіі
Сьцісла
- Я не пазнала ніводных вачэй у проразі балаклавы. Не магу ім сказаць, што мы ж працавалі разам на сэмінарах, прысьвечаных праблеме хатняга гвалту.
- Ёсьць дазвол на зьбіцьцё, якая розьніца, каго ты б’еш — мірнага пратэстоўца на вуліцы ці жонку дома.
- Працяглы час я выходзіла з калёнай анархістаў, і мой сьцяг быў чорны, а ня бел-чырвона-белы. А цяпер мой бел-чырвона-белы сьцяг у гаражы вісіць і чакае наступных маршаў.
- Я ганаруся, што сама выйшла, ганаруся каляжанкамі і калегамі, якія наважваюцца выходзіць у тым ліку пад вясёлкавымі сьцягамі.
- Прэзыдэнцкая рэспубліка не для мяне. Мне не патрэбны ні прэзыдэнт, ні прэзыдэнтка. Галасавала, канечне, за Ціханоўскую.
- Калі хто з нас павінен пабачыць гэтыя перамены, то гэта Ніна Багінская. Столькі гадоў, столькі сілаў, столькі часу, столькі сьцягоў ёй прышлося пашыць.
Пра міліцыю
Вельмі шмат гадоў у «Радзіславе» мы працавалі з праваахоўнымі органамі. Прадстаўнікі МУС выступалі нашымі аднадумцамі, спрабавалі лабіраваць спэцыялізаваны закон аб папярэджаньні хатняга гвалту. На жаль, падзеі мінулых месяцаў паказваюць нам, што гэта, падобна, тыя ж самыя людзі, што робяць гвалт на вуліцах. Я не пазнала ніводных вачэй у проразі балаклавы. Я не магу ім сказаць: я памятаю вас, мы працавалі разам на сэмінарах ці на лекцыях, прысьвечаных праблеме хатняга гвалту. Калі мяне затрымалі і адвезьлі ў Жодзіна чакаць суду, некаторы час мы правялі ў актавай залі Фрунзэнскага РУУС. Апошні раз, калі я там была, я вяла там сэмінар для ўчастковых інспэктараў міліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Час разьвітацца з адгалоскамі сярэднявечча»Калі мы там сядзелі і чакалі машыны, якая мелася перавезьці ў Жодзіна, многія міліцыянты спрабавалі з намі правесьці выхаваўчую, як яны казалі, размову. Гаварылі, што насамрэч яны чакаюць павагі ад нас, таму што тая праца, якую яны выконваюць, вельмі важная, што яны ўчастковыя інспэктары міліцыі. Некаторыя зь іх нават называлі вуліцы, на якіх яны працуюць, і я разумела, што гэта і ёсьць участковыя інспэктары міліцыі. Магчыма, гэта ня тыя людзі, якія бегаюць за мірнымі пратэстоўцамі па вуліцах з дубінкамі ці сьлезацечным газам, але гэта тыя, хто ўдзельнічае ва ўсім гэтым, знаходзячыся ў РУУС, складаючы пратаколы, адпраўляючы людзей, нават калі ў іх ёсьць непаўналетнія дзеці, чакаць суду на сутках. Гэта ўсё адна сыстэма і адны і тыя ж людзі. Зь вялікім жалем гэта ўсьведамляю.
Пра людзей у чорным як патэнцыйных хатніх агрэсараў
Я пра гэта ўвесь час думаю, калі бачу гвалт на вуліцах Менску. Калі ў цябе няма ўнутранага маральнага, этычнага бар’еру і ты можаш практычна на пустым месцы, прыкрываючыся не зусім справядлівым законам, зьвязаным з артыкулам 23.34, браць дубінку і зьбіваць чалавека, які бяз зброі ляжыць са зьвязанымі рукамі на зямлі, зьбіваць нагамі, то мне падаецца, што для такіх людзей няма бар’ераў. Ёсьць дазвол на зьбіцьцё, і тады якая розьніца, каго ты б’еш — мірнага пратэстоўца на вуліцы ці жонку дома. Напэўна, падсілкоўвае гэтае меркаваньне мая стужка ў Фэйсбуку, дзе пэрыядычна ўзьнікаюць гісторыі жанчын, якія расказвалі пра свой лёс, пра гісторыю хатняга гвалту, і калісьці яны былі замужам за супрацоўнікамі сілавых структураў. Гэта такі паўтор, патэрн гвалтоўных паводзінаў, якія адбываюцца ня толькі на вуліцы, але і ў сям’і.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Псыхолягі сказалі: альбо вы разьвядзіцеся, альбо ў сямʼі будзе труп», — споведзь ахвяры хатняга гвалтуВельмі рэдка пра хатняга агрэсара ведае яго атачэньне — на працы, у коле сяброў, сваякоў. Вельмі часта мы чуем гісторыі пацярпелых, калі дома ён вельмі жорстка зьбівае, але пры гэтым — душа кампаніі, незаменны супрацоўнік на працы. Я думаю, што тут можа быць адваротная сытуацыя. Ён цяпер ужывае гвалт на вуліцы, але ў сваіх сямейных адносінах, у адносінах зь сябрамі гэта можа быць белы і пушысты чалавек, які, можа, нават абураецца гвалтам, які цяпер адбываецца. Хочацца да апошняга верыць, што ня ўсе яны сябе так паводзяць, ёсьць людзі, якія застаюцца людзьмі нават у такой сытуацыі, хаця, калі бачыш гэта ўжывую ці на відэа, гэта вельмі траўмуе.
Пра ўдзел у пратэстах
Самы першы марш, у якім брала ўдзел, быў у 1998 годзе, калі я яшчэ вучылася ў школе. Зь сяброўкамі мы хадзілі на Чарнобыльскі шлях. Гадоў дзесяць таму «Радзіслава» рабіла публічную акцыю, роварны прабег, у якім я ўдзельнічала. Доўгі час мой удзел у сілу розных прычын быў не такі заўважны. Працяглы час я выходзіла з калёнай анархістаў, і мой сьцяг быў чорны, а ня бел-чырвона-белы. Калі ты жанчына, калі ты ЛГБТ-пэрсона, калі ты працуеш у прытулку для жанчын — ахвяр хатняга гвалту, вельмі складана знайсьці нейкае месца ў пратэстах. Тады прасьцей не выходзіць. Часта я выбірала ня ўдзельнічаць.
Мяне раней вельмі непакоіў гвалт у сям’і, ад якога не абараніцца, гвалт на вуліцы, ад якога не абараніцца, але калі гэта гвалт з боку дзяржавы... Дзіўна, што да гэтага лета многія ня ведалі, хто мы і што за людзі вакол нас. Цяпер ты бачыш, што ты не адна, што нас не 20 чалавек, а дзясяткі, сотні тысяч. І любыя дзеяньні, нават калі яны скончацца штрафам ці арыштам, яны таго вартыя. Нас шмат, і мы разам. Таго, што было, дакладна ня будзе.
Пра адкрыты ўдзел у пратэстах ЛГБТ-людзей
ЛГБТ-калёна на мірных пратэстах ня вельмі вялікая. Нямногія не баяцца выйсьці пад вясёлкавым сьцягам. Ёсьць як пазытыўная, так і нэгатыўная рэакцыя офлайн і онлайн. Для нас вельмі важна было выйсьці менавіта цяпер, а не чакаць пэўнага моманту, калі-небудзь потым, калі надыдуць перамены і нехта згадае пра нас і будзе нас слухаць, чаго цяпер не адбываецца. Не хапіла цярпеньня чакаць гэтага моманту. Квір-калёна арганізавалася натуральна, стыхійна пасьля першага жаночага маршу, калі мы ўсе выйшлі ў фэмінісцкай калёне. Мы зразумелі, што нам не хапае гэтага голасу. Потым была б размова — а дзе вы былі, калі мы рэжым скідалі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ну раз ён хлопец, давай яго да хлопцаў». Гісторыя трансгендэра Жэні Вялько, які трапіў у жодзінскую турмуГэта небясьпечна. Мы бачым, што адбываецца з ЛГБТ-людзьмі ў зьняволеньні, колькі гамафобіі і трансфобіі ўзьнікла ў дачыненьні да ўдзельніц, колькі было пагрозаў. Але, на мой погляд, вельмі важна, каб у маршы бяз страху за сваё здароўе і жыцьцё выходзілі вельмі розныя людзі зь вельмі рознымі ідэнтычнасьцямі, людзі розных прафэсій і ўзростаў. Надышоў час пабачыць усім людзям, якія выходзяць на пратэсты, што мы вельмі розныя. У нас аднолькавыя патрабаваньні — сумленныя выбары, спыненьне гвалту, вызваленьне палітвязьняў, але трэба разумець, што мы ўсе розныя. Я ганаруся, што сама выйшла, ганаруся каляжанкамі і калегамі, якія наважваюцца выходзіць у тым ліку пад вясёлкавымі сьцягамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маці сказала, што лепш, каб я была адна». Беларускія лесьбіянкі пра камінг-аўт
Пра бел-чырвона-белы сьцяг
Апошнія месяцы мае знаёмыя, якія выходзілі пад чорным анархісцкім сьцягам, абмяркоўваюць у сацсетках, колькі гадоў мы не прымалі бел-чырвона-белы сьцяг... Я ніколі зь ім не выходзіла раней, але цяпер я разумею, што для мяне гэты сьцяг стаў ня толькі ўвасабленьнем гэтай вялізарнай салідарнасьці і мірных пратэстаў, але і сымбалем змаганьня супраць паліцэйскай дыктатуры і паліцэйскай дзяржавы. Я спакойна ставілася да чырвона-зялёнага. Практычна ўсе міжнародныя сэмінары, трэнінгі, канфэрэнцыі, у якіх я брала ўдзел, праходзілі пад гэтым сьцягам. Не было пачуцьця гонару за сьцяг, але быў гонар за тое, што Беларусь прымае ўдзел у такіх важных мерапрыемствах і ўздымае сур’ёзныя пытаньні. На дадзены момант гэты сьцяг абсалютна дыскрэдытаваны, рэабілітацыя немагчымая. А бел-чырвона-белы стаў сымбалем свабоды, пераменаў і змаганьня супраць гвалту. Мой бел-чырвона-белы сьцяг у гаражы вісіць і чакае наступных маршаў. І вясёлкавы, і бел-чырвона-белы сьцяг.
Пра Ціханоўскую і Калесьнікаву
Прэзыдэнцкая рэспубліка не для мяне. Мне не патрэбны ні прэзыдэнт, ні прэзыдэнтка. Галасавала, канечне, за Ціханоўскую. Тое, што зрабіў аб’яднаны штаб і гэтыя тры цудоўныя жанчыны, — гэта найлепшае і самае моцнае, што можна было зрабіць. Гэта вельмі моцныя ролевыя мадэлі. Напрыклад, для маёй дачкі. Яна цяпер у ціктоку робіць відэа з пратэстамі, Сьвятланай Ціханоўскай і Марыяй Калесьнікавай. Ёй 13 гадоў, і яна разумее, хто тут сіла. Для мяне ўчынак Калесьнікавай на мяжы — неверагодны. Як у любой беларускі, у мяне цяпер то падзеньне, то ўзьлёт, і гэта быў зарад на доўгі час. Ужо ня так страшна сесьці на суткі і атрымаць чарговы штраф.
Я ня ведаю, як пройдзе мой наступны дзень, на чый суд мне давядзецца ехаць, бо маіх сябровак рэгулярна затрымліваюць на жаночых і нядзельных маршах. Я ня ведаю, чым скончыцца мой выхад на вуліцу, хто будзе разьбірацца з маёй дачкой. Хаця плян бясьпекі прадуманы, ролі разьмеркаваныя. Штрафы мае назапашваюцца, я іх пакуль не аплачваю, абскарджваю ўсё. Я двое сутак адседзела ў Жодзіне, і суд пастанавіў мне выплаціць штраф. Многія мае сяброўкі кажуць, што ад турмы чакалі нечага страшнага, а атрымалася, што трапілі ў вельмі дысцыплінаваны піянэрскі лягер. У мяне была адваротная гісторыя. Я вельмі не чакала таго, што адбудзецца са мной у турме. Я ўваходжу ў склад камісіі Менгарвыканкаму па грамадзкім назіраньні ў тым ліку за ўмовамі ўтрыманьня ў турмах. І гэтай інфармацыі мне не хапала, каб зразумець, што ўся сыстэма прагніла. Дзякуй ім за гэты досьвед, бо злосьці стала болей, а страху ўжо ня так і шмат.
Пра сацыяльна-культурную прастору НОРМ
Я цяпер кіроўца таксі. На жаль, нам прыйшлося закрыць кавярню, адмовіцца ад памяшканьня і падаць на ліквідацыю нашага ТАА. Я абсалютна перакананая, што гэта не назаўсёды. Водгукі на нашу ідэю пераканалі, што трэба працягваць. Пагаварыўшы з нашымі мэнтарамі, экспэрткамі, якія ўжо маюць такі бізнэс у Менску, мы прынялі рашэньне прыпыніцца. Тады мы яшчэ ня ведалі, што пачнецца ў краіне ў жніўні. Мы адразу ж адкрыем нашу кавярню, як толькі наступіць новая свабодная Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Годны заробак без выгараньня, работніцы — толькі жанчыны. Унікальная кавярня-клюб НОРМ у 15 пытаньнях і адказах
Пра герояў беларускай рэвалюцыі
Гэта Ніна Багінская. Калі хто з нас павінен пабачыць гэтыя перамены, то гэта яна. Столькі гадоў, столькі сілаў, столькі часу, столькі сьцягоў ёй прышлося пашыць. Гэта мне нагадвае змаганьне «Радзіславы», калі столькі гадоў ты разумееш, што твая праца назаўсёды і наўрад ці ты дачакаесься часоў, калі прытулак будзе незапатрабаваны. Ніна — гераіня нашага часу, і яна абавязкова пабачыць, як усё пачне мяняцца, як злачынцы адкажуць за злачынства, незаконна асуджаныя выйдуць на свабоду. Вуліцу ці плошчу трэба назваць у яе гонар. Ёсьць такія, як я, якія толькі выйшлі за гэта змагацца. А ёсьць тыя, чыя барацьба была ня так заўважная ў сілу розных прычын. Ніна Багінская — сапраўды гераіня нашага часу.