У Ютуб-канале былога кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі сёньня зьявіўся відэазапіс звароту кіраўніцы выбарчага штабу Бабарыкі Марыі Калесьнікавай, зьняты яшчэ да яе арышту 8 верасьня.
«Калі вы гледзіце гэтае відэа, значыць, мяне арыштавалі. Але я ўпэўненая, што мне цяпер ня страшна. Спадзяюся, што ня страшна і вам», — пачала Калесьнікава свой зварот.
У тэксьце пад відэа гаворыцца:
«Сябры! Штаб Бабарыкі, дзе б ні знаходзіліся яго ўдзельнікі — у турме або на волі — працягвае ісьці да нашай агульнай мэты. Мы ўсё яшчэ дзейнічаем толькі ў прававым полі, хоць улада ўжо даўно згубіла, у якім баку гэтае поле знаходзіцца. У нас па-ранейшаму шмат плянаў і задачаў — новыя сумленныя выбары, вызваленьне палітвязьняў, завядзеньне крымінальных справаў па фактах гвалту і катаваньняў, рэфэрэндум, партыя.
Канстытуцыю, якую тры месяцы таму прапанаваў зьмяніць Віктар Бабарыка, мы, народ, ня маем намеру абмяркоўваць з рэжымам. Яе мы будзем мяняць паводле правілаў беларусаў, а не паводле правілаў аўтарытарызму. Сваё стаўленьне да любой Канстытуцыі ўлада ўжо паказала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У лісьце з жодзінскай турмы Марыя Калесьнікава заклікала беларусаў працягваць барацьбу за свабодуМы верым у дабро, у перамогу і ва ўсіх нас. Памятайце, што мы ўсе ня стомімся і ня спынімся, нашага цярпеньня і намаганьняў хопіць на ўсё, а пратэст скончыцца толькі нашай перамогай. Працягвайце выказваць сваю нязгоду, працягвайце выходзіць на вуліцы — іх гэта даводзіць да вар’яцтва. Кожны дзень мы на крок бліжэй да перамогі толькі дзякуючы нам усім — беларусам, якія змагаюцца разам. І, як кажа Марыя Калесьнікава — дзяўбці, дзяўбці, дзяўбці!»