Міністар энэргетыкі Літвы зьвярнуўся ў Эўракамісію ў справе БелАЭС

Беларуская АЭС

Міністар энэргетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас заклікае Эўракамісію прыкласьці ўсе намаганьні да таго, каб заплянаваны на лістапад увод у эксплюатацыю Беларускай АЭС (БелАЭС) у Астраўцы быў адкладзены.

Пра гэта паведаміў партал Delfi.

Як сьцьвярджае Міністэрства энэргетыкі, група эўрапейскіх рэгулятараў у сфэры ядзернай бясьпекі (ENSREG) толькі ў студзені наступнага году плянуе апублікаваць справаздачу аб сытуацыі ў Беларусі. У лісьце эўракамісару Кадры Сімсан міністар падкрэсьлівае, што Менск дэманструе толькі фармальнае правядзеньне ў жыцьцё рэкамэндацый па стрэс-тэстах Эўразьвязу (ЕС), а рэальна — паскарае працы па запуску БелАЭС.

«Беларусь плянуе запусьціць АЭС, не правёўшы ў жыцьцё рэкамэндацыі па стрэс-тэстах ЭЗ і адклаўшы іх правядзеньне ў жыцьцё на няпэўны час, што па сутнасьці азначае адмаўленьне працэсу правядзеньня стрэс-тэстаў ЭЗ і прыніжэньне палітычнага лідэрства ЭЗ у рэгіёне», — заявіў Вайчунас.

Беларусь заяўляе, што выпрацоўка электраэнэргіі на БелАЭС пачнецца 7 лістапада, тым часам як краіны Балтыі спрабуюць канчаткова ўзгадніць інструмэнты, прызначаныя для байкоту электраэнэргіі з гэтай станцыі, як толькі АЭС запрацуе.