Сьвятлана Ціханоўская 6 кастрычніка сустрэлася з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель.
Сустрэча доўжылася 45 хвілін, паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай. Сьвятлана Ціханоўская расказала, што мірныя мітынгі ў Беларусі працягваюцца, і таму рэжым працягвае павялічваць колькасьць палітвязьняў. Многія народныя лідэры, як Сяргей Ціханоўскі і Марыя Калесьнікава, застаюцца ў турме. Таму цяпер вельмі важна спыніць гвалт і вызваліць палітвязьняў.
Сьвятлана падкрэсьліла, што пратэсты ў Беларусі — гэта не барацьба супраць Расеі або на карысьць Эўропы: гэта наступства ўнутрыбеларускага крызісу. І галоўная мэта народу цяпер — новыя выбары. Важна, каб яны былі праведзеныя ў найбліжэйшым часе, бо 26 гадоў народ жыў пад ціскам — і трываць яго больш ня мае намеру.
Сьвятлана дадала, што беларускі народ таксама чакае інвэстыцыйнай падтрымкі, дапамогі незалежным мэдыя і грамадзянскім арганізацыям — для пераадоленьня наступстваў крызісу.
Сьвятлана таксама падаравала Ангеле бел-чырвона-белы парасон і кнігу «Краіна Беларусь» у нямецкім перакладзе.
Напярэдадні Ціханоўская сустрэлася з журналістамі і прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Нямеччыне. Яна параўнала падзеі ў Беларусі з падзеямі, якія папярэднічалі падзеньню Бэрлінскай сьцяны.
6 кастрычніка стала вядома, што амбасадар Нямеччыны зьедзе зь Менску для кансультацый. Напярэдадні зь Беларусі зьехалі амбасадары Польшчы і Літвы, а таксама стала вядома пра адʼезд кіраўніцтва дыпляматычных прадстаўніцтваў шэрагу іншых краін Эўразьвязу. Улады Беларусі 2 кастрычніка запатрабавалі ад Літвы і Польшчы скараціць колькасьць супрацоўнікаў амбасадаў. Беларускае МЗС абвінавачвае Польшчу і Літву ў падтрымцы акцый пратэсту.