Прадстаўніцтва Эўразьвязу пракамэнтавала закуп дронаў для Дзяржкамітэту судовых экспэртыз Беларусі

  • БелаПАН

Ілюстрацыйнае фота

Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі пракамэнтавала БелаПАН закуп 15 дронаў для Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз.

16 верасьня сайт ДКСЭ паведаміў аб атрыманьні дронаў па праекце «Новыя крыміналістычныя тэхналёгіі агляду месца здарэньня і ўмацаваньне грамадзкай бясьпекі», які рэалізуецца ў рамках праграмы трансьмежавага супрацоўніцтва «Латвія — Літва — Беларусь» на 2014–2020 гады. Праграма фінансуецца Эўрапейскім Зьвязам. Бюджэт праекту складае 850 тысяч эўра, унёсак ЕС — 765 тысяч эўра. Рэалізацыю праекту пачалі ў лютым 2020 году.

Гэтая інфармацыя выклікала крытыку ў сувязі з асьцярогамі, што ўлады Беларусі могуць выкарыстаць дроны супраць удзельнікаў акцый пратэсту.

У камэнтары прадстаўніцтва ЭЗ адзначаецца, што Беларусь — удзельніца дзьвюх праграм трансьмежавага супрацоўніцтва: «Польшча — Украіна — Беларусь» і «Латвія — Літва — Беларусь».

«Праграма трансьмежавага супрацоўніцтва „Латвія — Літва — Беларусь“ была зацьверджаная ў 2019 годзе і падтрымлівае супрацоўніцтва паміж рэгіянальнымі і мясцовымі ўдзельнікамі ў розных кірунках, такіх як сацыяльная ўцягнутасьць і барацьба зь беднасьцю, мясцовае і рэгіянальнае кіраваньне, мясцовая культура, — растлумачылі ў прадстаўніцтве. — Частка абсталяваньня і транспартны сродак для актуальнага праекту былі закупленыя для літоўскіх і беларускіх устаноў-бэнэфіцыяраў у мэтах маніторынгу літоўска-беларускай мяжы. Згодна з кантрактнымі абавязаньнямі, набытае абсталяваньне можа выкарыстоўвацца толькі ў адпаведнасьці з мэтамі праекту».

У прадстаўніцтве ЭЗ таксама паведамілі, што згодна з інфармацыяй, атрыманай ад сакратарыяту праграмы ў Літве, лёгкія дроны дастаўленыя атрымальніку, але пакуль не выкарыстоўваюцца.

«Паводле зьвестак аддзелу ІТ-дасьледаваньняў Цэнтру судова-мэдычнай экспэртызы літоўскай паліцыі (бэнэфіцыяр праекту зь літоўскага боку. — БелаПАН), набытыя лёгкія дроны прызначаныя для фіксацыі буйнамаштабных інцыдэнтаў (экалягічных катастроф, стыхійных бедзтваў). Мяркуючы па ўсім, іх тэхнічныя характарыстыкі не дазваляюць выкарыстаньне для высьвятленьня асобы, бо яны прызначаныя для агульнаплянавага дасьледаваньня месца падзей або месца злачынства. Эўрапейская камісія разам з сакратарыятам праграмы ў Літве будзе па-ранейшаму пільна сачыць за ажыцьцяўленьнем усёй праграмы [трансьмежавага супрацоўніцтва] і гэтага канкрэтнага праекту», — гаворыцца ў камэнтары прадстаўніцтва ЭЗ.