Галоўную рэдактарку незалежнага гомельскага парталу «Сильные новости» Ганну Якштас суд Савецкага раёну Гомля аштрафаваў на 540 рублёў. Перад гэтым яна трое сутак правяла ў ізалятары.
Міліцыянты напісалі ў пратаколе, што Ганна Якштас «выдавала сябе за акрэдытаванага журналіста і, незаконна выкарыстоўваючы бэдж і камізэльку „Прэса“, актыўна прыняла ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці». Ганна Якштас сказала, што ажыцьцяўляла сваю журналісцкую дзейнасьць, здымала акцыю пратэсту.
Ганну Якштас затрымалі 3 кастрычніка, у той жа дзень затрымалі яе мужа Дзяніса Якштаса, таксама супрацоўніка рэдакцыі.
5 кастрычніка суд пакараў Дзяніса Якштаса арыштам на 15 дзён. У гэты дзень у рэдакцыі «Cильных новостей» прайшоў ператрус, які міліцыя назвала «аглядам працоўнага месца Ганны Якштас». У выніку рэдакцыя засталася бяз тэхнікі і мабільных тэлефонаў.
4 красавіка затрымалі таксама кіраўніцу відэааддзелу «Сильных новостей» Надзею Пужынскую. Сёньня суд пакараў яе арыштам на 14 сутак. Аднак дзе і за што яе судзілі, невядома.
«Сильные новости» — самы папулярны інфармацыйны інтэрнэт-рэсурс Гомельскай вобласьці. Гэта і адзін з самых наведвальных рэгіянальных інтэрнэт-сайтаў. Паводле дадзеных SimilarWeb, у жніўні на сайце было зафіксавана 3,4 млн наведваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адчуваньне, што яны баяцца больш, чым мы». Філёзаф Вольга Шпарага пра сваё затрыманьне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Баялася, што пачнуць заломваць рукі на вачах у дзяцей». Навошта міліцыя прыходзіць дадому да журналістаў?