Амбасадары Польшчы і Літвы пакінулі Беларусь. Пасол Нямеччыны зьяжджае сёньня

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда і амбасадар гэтай краіны ў Беларусі Артур Міхальскі

Амбасадары Літвы Андрус Пулокас і Польшчы Артур Міхальскі пакінулі Беларусь напярэдадні ўвечары. Кіраўнік дыпмісіі Нямеччыны Манфрэд Хутэрэр зьяжджае 6 кастрычніка. Пра гэта Tut.by паведамілі крыніцы.

Выклік амбасадараў у свае сталіцы для кансультацый зьвязаны з дыпляматычным скандалам, які разгарэўся 2 кастрычніка. Тады беларускае МЗС запатрабавала ад дыпляматычных прадстаўніцтваў Польшчы і Літвы істотна скараціць колькасьць супрацоўнікаў. Таксама амбасадараў Беларусі ў гэтых краінах адклікалі ў Менск.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дыпляматычная вайна» Менску з Варшавай і Вільняй працягваецца, зьявілася новая заява МЗС Беларусі

5 кастрычніка кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус паведаміў аб адклiканьнi свайго амбасадара ў Беларусі. Сьледам аналягічную заяву зрабіў кіраўнік МЗС Польшчы Зьбігнеў Раў, які адзначыў, што ў каардынацыі з Эўрапейскай службай вонкавых сувязяў прынята рашэньне адклікаць і некаторых іншых паслоў, акрэдытаваных у Беларусі.

«Патрабаваньне ўладаў Беларусі, каб Польшча і Літва значна скарацілі дыпляматычную прысутнасьць у Менску, выклікае шкадаваньне і зьяўляецца контрапрадуктыўным. Спробы зрабіць мішэнямі асобныя краіны Эўразьвязу ня здолеюць парушыць нашае адзінства. Мы па-ранейшаму заклікаем беларускія ўлады спыніць гвалт і рэпрэсіі, вызваліць затрыманых мірных дэманстрантаў і палітвязьняў, паважаць свабоду СМІ і грамадзянскую супольнасьць», — гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі.

Там таксама заклікалі неадкладна пачаць усеагульны нацыянальны дыялёг дзеля забесьпячэньня сувэрэннай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы шакавалі сьвет і нагадалі, што такое дэмакратыя»