Эўразьвяз вырашыў адклікаць зь Менску некаторых паслоў, паведаміў у панядзелак увечары міністар замежных справаў Польшчы Зьбігнеў Раў.
«У кансультацыі з Эўрапейскай службай зьнешніх дзеяньняў і дзяржавамі-чальцамі ЭЗ мы вырашылі адклікаць некаторых акрэдытаваных паслоў у Рэспубліцы Беларусь для кансультацый», — напісаў кіраўнік польскай дыпляматыі ў «Твітэры».
Ён таксама падзякаваў «за салідарнасьць, выказаную з Польшчай і Літвой партнэрамі з ЭЗ».
«Падтрымка беларусаў і іх намаганьні па дэмакратызацыі краіны застаюцца прыярытэтам. Нам патрэбныя каналы сувязі і магчымасьці дзейнічаць на карысьць сувэрэннай і дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь. Любыя спробы стыгматызацыі любой дзяржавы-сябра ЭЗ сустрэнуцца з адназначным і салідарным адказам», — сказаў Раў.
Раней пра адкліканьне свайго пасла зь Менску напісаў міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва адклікала амбасадара зь Менску для кансультацый, беларускія паслы ў Літве і Польшчы вярнуліся ў Менск