Былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі лічыць, што санкцыйных сьпіс, прыняты Эўразьвязам у дачыненьні да афіцыйных асобаў Беларусі, неабходна пашырыць.
Такое меркаваньне Ціханоўская выказала ў апублікаваным у панядзелак інтэрвію выданьню «Spiegel» напярэдадні сустрэчы з канцлеркай ФРГ Ангелай Мэркель.
«Гэта перамога, але ўсё ж толькі пачатак, паколькі ў гэтым сьпісе толькі 40 чалавек. Гэты сьпіс неабходна пашырыць, бо я ўпэўненая, што людзей, адказных за фальсыфікацыю выбараў і жорсткасьць, значна больш», — падкрэсьліла Ціханоўская.
Пры гэтым яна дадала, што калі ў бліжэйшы час сытуацыя ў краіне ня зьменіцца, то неабходна ўвесьці адрасныя эканамічныя санкцыі «супраць кампаній або асоб, якія фінансава падтрымліваюць рэжым у Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-сакратарка Ціханоўскай: беларуская апазыцыя ўключыла ў свой санкцыйны сьпіс каля 800 чалавек