Цэнтральны камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) лічыць, што праз адсутнасьць свабодных і справядлівых выбараў Беларусь увайшла ў зацяжны палітычны крызіс.
«Непрапарцыйнае ўжываньне сілы супраць удзельнікаў мірных акцый з боку кіраўніцтва дзяржавы і праваахоўных органаў канчаткова падарвала давер да дзейнай улады», — гаворыцца ў заяве.
Паводле партыйнага кіраўніцтва, палітычны крызіс наклаўся на эканамічны, у які імкліва апускаецца краіна. Адмова ад шматвэктарнай палітыкі ёсьць вынікам дыпляматычнага правалу на міжнароднай арэне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Настарэйшая партыя Беларусі назвала 10 крокаў да нацыянальнага дыялёгуА гэта значыць, уладам нічога не засталося, як прызнаць сваіх апанэнтаў палітычнымі суб’ектамі і сесьці за стол перамоваў. Мэта — выхад з палітычнага, эканамічнага і дыпляматычнага крызісаў, у якім апынулася краіна пасьля 9 жніўня. Дзеля гэтага БСДП (Грамада) прапануе «дарожную мапу».
- Спыніць гвалт і адвольныя затрыманьні мірных грамадзян, актывістаў і журналістаў
- Неадкладна вызваліць усіх абвінавачаных з палітычных матываў у крымінальных і адміністрацыйных справах
- Адмовіцца ад перасьледу дзяржаўных і камэрцыйных арганізацый, якія падтрымалі пратэстны рух
- Завесьці крымінальныя справы па фактах забойстваў, катаваньняў і бясьсьледнага зьнікненьня дэманстрантаў
- Патрабаваць адстаўкі кіраўніцтва праваахоўных органаў, датычнага да злачынстваў супраць уласнага народу.
На перакананьне БСДП (Грамада), варта неадкладна пачаць шматбаковы дыялёг і рэформу палітычнай сыстэмы. Дзеля гэтага неабходна зрабіць наступныя крокі:
- Аднавіць дзеяньне Канстытуцыі ў рэдакцыі 1994 году і вярнуць суб’ектнасьць беларускаму народу
- Прызнаць суб’ектамі палітычнага дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй палітычныя партыі і Каардынацыйную раду і распачаць перамовы пры пасярэдніцтве АБСЭ
- Стварыць камісію дзеля зьменаў у заканадаўстве з удзелам прадстаўнікоў улады, палітычных партый і Каардынацыйнай рады
- Скасаваць закон «Аб масавых мерапрыемствах», які супярэчыць Канстытуцыі Беларусі і міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека
- Прыняць у новай рэдакцыі закон «Аб палітычных партыях» з удзелам суб’ектаў палітычнага дыялёгу
- Сфармаваць новы склад Цэнтравыбаркаму з абавязковым удзелам палітычных партый
- Не пазьней за 6 месяцаў прызначыць новыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары, а таксама выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў
Таксама БСДП (Грамада) заклікала Аляксандра Лукашэнку, які сілай утрымлівае ўладу, неадкладна падаць у адстаўку.