Міністар замежных спраў Літвы: Пазбаўленьне акрэдытацыі журналістаў не схавае злачынствы ўладаў

Лінас Лінкявічус

«Нядаўняе рашэньне сыходзячых уладаў у Беларусі скасаваць акрэдытацыю ўсіх журналістаў, што працуюць на замежныя СМІ, — гэта ганьба, — напісаў міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус у твітэры. — Такія прымітыўныя крокі не схаваюць іхніх злачынстваў супраць беларусаў, якія патрабуюць свабоды 57-ы дзень запар».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На «Марш вызваленьня палітвязьняў» у Менску выйшлі больш за 100 тысяч чалавек. ФОТА, ВІДЭА

Што вырашыла МЗС Беларусі

Міністэрства замежных справаў Беларусі распрацавала новую рэдакцыю палажэньня аб парадку акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусі журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Анатоль Глаз у камэнтары журналістам сказаў, што «гэта ня нейкая зачыстка інфармацыйнага поля, спыненьне акрэдытацыі ці яшчэ штосьці з гэтым зьвязанае, а менавіта пераакрэдытацыя замежных СМІ паводле новых правілаў».

2 кастрычніка прынята адпаведная пастанова Савету Міністраў, паведамляе ведамства.

Такое рашэньне МЗС патлумачыла тым, што папярэдняе палажэньне было прынята яшчэ ў 2008 годзе і «ўжо не адпавядала ўзроўню разьвіцьця мэдыйнай галіны, новым тэндэнцыям у заканадаўстве», у ім быў «шэраг састарэлых палажэньняў, нормаў, якія не ўжываліся на практыцы, дыскрымінацыйных пунктаў».

«У сувязі з прыняцьцем новага Палажэньня дзеяньне выдадзеных раней акрэдытацыйных картак афіцыйна спыняецца з 2 кастрычніка 2020 году», — гаворыцца на сайце ведамства.

Прыём заявак онлайн на пераакрэдытацыю плянуюць тэхнічна адкрыць раніцай 5 кастрычніка, іх будзе разглядаць камісія ў пытаньнях акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ МЗС Беларусі, якая пачне працу ў новым складзе.

Прыярытэт пры акрэдытацыі будуць аддаваць грамадзянам дзяржаваў, у якіх зарэгістраваны замежны СМІ.

У паведамленьні адзначаецца, што ў новым палажэньні аб акрэдытацыі рэалізавана права «на легальную абарону інфармацыйнага сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь».

Пазыцыя Радыё Свабода

2 кастрычніка выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар выступіла з заявай пра ануляваньне МЗС Беларусі акрэдытацыі карэспандэнтаў усіх замежных СМІ, у тым ліку беларускай службы Радыё Свабода.

«Мы глыбока расчараваныя, але ня зьдзіўленыя гэтым рашэньнем Міністэрства замежных справаў Беларусі ануляваць акрэдытацыі ўсім замежным СМІ, асабліва на фоне перасьледу журналістаў Радыё Свабода і іншых замежных СМІ ў апошнія тры месяцы», — гаворыцца ў заяве Дэйзі Сындэлар.

«Гэты ўчынак служыць відавочным сыгналам усім беларусам: урад Лукашэнкі не зацікаўлены ў тым, каб даць ім тое, што яны хочуць — доступ да розных пунктаў гледжаньня, адрозных ад тых, якія выказаў сам урад. Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода будзе надалей выкарыстоўваць усе даступныя шляхі, каб забясьпечваць нашу аўдыторыю ў Беларусі навінамі без цэнзуры, адказнай дыскусіяй і адкрытымі дэбатамі, якіх яны так відавочна жадаюць» — заявіла кіраўніца RFE/RL.