Апазыцыя не прызнала вынікі выбараў. У Кіргізстане

Галасаваньне ў Бішкеку

У парлямэнт прайшлі тры прапрэзыдэнцкія партыі і толькі адна апазыцыйная

На парлямэнцкіх выбарах у Кіргізстане, паводле папярэдніх дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі, неабходны для абраньня ў парлямэнт 7-адсоткавы бар’ер пераадолелі 4 партыі. Тры зь іх называюць блізкімі да дзеючага прэзыдэнта.

Шэраг апазыцыйных сілаў заявіў пра непрызнаньне вынікаў выбараў, адзначыўшы парушэньні выбарчага заканадаўства, перш за ўсё подкуп выбарцаў і іх цэнтралізаваны падвоз.

Выбары прайшлі ў нядзелю. На месцы ў парлямэнце прэтэндавалі 16 партый. Паводле папярэдніх дадзеных, партыя «Бірымдык» (Адзінства), ад якой у парлямэнт вылучаўся брат прэзыдэнта Асылбек Жээнбекаў, атрымала каля 24% галасоў. На другім месцы — партыя «Мекен Кіргізстан», якую зьвязваюць з уплывовай сямʼёй Матраімавых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога прэзыдэнта Кіргізстану Атамбаева засудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі

Абедзьве партыі пазыцыянуюць сябе як прыхільнікі ўмацаваньня сувязяў з Расеяй. Лідэр партыі «Бірымдык» Марат Аманкулаў некалькі месяцаў таму разважаў пра тое, што Кіргізстан мог б абмежаваць свой сувэрэнітэт на карысьць «эўразійскага саюзу» з Расеяй. Пасьля ён тлумачыў, што яго словы вырвалі з кантэксту. 9% галасоў — у яшчэ адной прапрэзыдэнцкай партыі «Кіргізстан». Барʼер у 7% пераадольвае толькі адна апазыцыйная сіла — партыя «Бутун Кіргізстан».

Дзьве партыі, якія ў ранейшым скліканьні парлямэнту адыгрывалі ролю апазыцыі Жээнбекаву — «Бір Бол» і «Ата-Мекен» — ня здолелі пераадолець барʼер. Іх лідэры заявілі аб непрызнаньні вынікаў выбараў. Пра нязгоду з вынікамі заявілі і ў іншых апазыцыйных партыях. Апазыцыя не выключае, што будуць арганізаваныя акцыі пратэсту. Афіцыйныя вынікі выбараў будуць падведзеныя ў бліжэйшыя дні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя ўжыла вадамёт, сьлезацечны газ і сабак супраць мітынгу ў Бішкеку

Кіргізстан — прэзыдэнцка-парлямэнцкая рэспубліка, у парлямэнце краіны традыцыйна прадстаўленыя апазыцыйныя палітычныя сілы, а паўнамоцтвы прэзыдэнта абмежаваныя. У выніку масавых пратэстаў раней у краіне былі зрынутыя два прэзыдэнты — Аскар Акаеў і Курманбек Бакіеў. Яшчэ адзін былы прэзыдэнт, Алмазбек Атамбаеў, неўзабаве пасьля завяршэньня тэрміну свайго кіраваньня быў арыштаваны і асуджаны на пазбаўленьне волі.