Пасьля арышту Леўчанкі Фэдэрацыя баскетболу вырашыла праводзіць матчы чэмпіянату без гледачоў

Выканкам Беларускай фэдэрацыі баскетболу прыняў рашэньне да канца кастрычніка ўсе матчы мужчынскага і жаночага нацыянальных чэмпіянатаў праводзіць без гледачоў.

Афіцыйна гэта тлумачыцца тым, што адразу ў некалькіх камандах пачасьціліся выпадкі захворваньня на каранавірус.

Рашэньне адкрыць залі для заўзятараў або падоўжыць карантын будзе залежаць ад зьмены эпідэміялягічнай сытуацыі ў краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніколі ня думала, што давядзецца выбіраць: або спартовец, або грамадзянка», — капітан зборнай Беларусі ў баскетболе

Пры гэтым некаторыя спартовыя журналісты лічаць, што ў аснове іншыя прычыны. На іх думку, функцыянэры асьцерагаюцца, каб гледачы на трыбунах не пачалі выказваць сваё стаўленьне да арышту вядомай баскетбалісткі Алены Леўчанкі.

Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых акцыях і пакаралі 15 суткамі арышту.