Саюз расейцаў Літвы на працягу году не падаў інфармацыю пра колькасьць членаў партыі, таму Цэнтар рэгістру Літвы прыняў рашэньне аб пачатку працэсу ліквідацыі партыі, паведамляе партал DELFI.
Рашэньне было прынятае ў верасьні. Саюз расейцаў Літвы не падае Міністэрству юстыцыі зьветскі аб колькасьці сяброў партыі з кастрычніка 2019 году. Да гэтага паведамлялася аб 2104 чальцах.
Згодна з законам, калі партыя на працягу году два разы запар не падае зьвесткі аб сябрах партыі Міністэрству юстыцыі, яно паведамляе аб гэтым Цэнтар рэгістру, а той у спрошчаным парадку ініцыюе працэс ліквідацыі партыі.
«Ліквідацыя доўжыцца год, калі партыя ня зьвернецца ў суд. Потым Цэнтар рэгістру выкрэсьлівае партыю з рэгістру юрыдычных асобаў», — сказана ў камэнтары Міністэрства юстыцыі Літвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар РФ: Прысутнасьць войскаў NATO каля межаў РФ і Беларусі — патэнцыйная пагроза
Саюз расейцаў Літвы ўзначальвае член віленскай гарадзкой рады Сяргей Дзьмітрыеў. Ягоная сястра паведаміла BNS, што партыя зьнікаць не зьбіраецца, проста цяпер у яе складзе няма неабходных дзьвюх тысяч сяброў. Партыя плянуе павялічыць колькасьць.
Саюз расейцаў Літвы быў створаны ў 1995 годзе, ён заяўляе, што прадстаўляе расейскамоўнае насельніцтва, клапоціцца аб іх сацыяльным, культурным жыцьця, адукацыі, стараецца захаваць спадчыну славянскай культуры.
На ініцыятыву Цэнтру рэгістру ў 2017 годзе ў Літве было ліквідавана 11 партый.