Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які знаходзіцца на лячэньні ў вайсковым шпіталі каля Вашынгтону ў сувязі з заражэньнем каранавірусам, заявіў, што адчувае сябе «значна лепш» і спадзяецца «хутка вярнуцца» для завяршэньня выбарчай кампаніі.
Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША адбудуцца 3 лістапада.
У 4-хвілінным відэа, распаўсюджаным у Твітэры Дональда Трампа 3 кастрычніка, ён паведаміў, што наступныя некалькі дзён стануць для яго сапраўдным выпрабаваньнем. Прэзыдэнт падзякаваў усім у ЗША і іншых краінах, хто выказаў яму падтрымку і пажаданьні хуткага выздараўленьня.
Лекары, якія лечаць прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ад каранавірусу, заявілі ў суботу, што ён «у выключна добрым гуморы», у яго няма тэмпэратуры або цяжкасьцяў з дыханьнем.
3 кастрычніка лекар Трампа доктар Шон Конлі, адказваючы на пытаньні журналістаў аб стане здароўя прэзыдэнта, сказаў, што «ў яго вельмі добры стан». Больш за 24 гадзіны ў Трамп няма падвышанай тэмпэратуры і ён ня мае патрэбы ў кіслароднай падтрымцы. Прадстаўнікі мэдычнай брыгады, якая лечыць прэзыдэнта, расказалі, што прыкметы захворваньня, як, напрыклад, кашаль або ацёк у носе, цяпер памяншаюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-дарадца Трампа і некалькі сэнатараў захварэлі на COVID-19
Лекары, аднак, адмовіліся паведаміць журналістам, нягледзячы на іх паўторныя пытаньні, ці атрымліваў Трамп кіслародную падтрымку. Не сказалі мэдыкі і пра тое, наколькі высокай была тэмпэратура ў прэзыдэнта. Лекары таксама адмовіліся канкрэтызаваць адказы на пытаньні аб праявах хваробы ў яе розных фазах.
Сытуацыя вакол інфікаваньня высокапастаўленых афіцыйных асоб у адміністрацыі Трампа пагоршылася падчас кароткай сустрэчы мэдыкаў з журналістамі каля шпітальнага корпуса, дзе лечыцца прэзыдэнт. Стала вядома, што яшчэ адзін член Рэспубліканскай партыі, былы губэрнатар штату Нью-Джэрсі Крыс Крысты, які дапамагаў Трампу рыхтавацца да дэбатаў 29 верасьня, паведаміў пра станоўчы вынік свайго тэсту на каранавірус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трампа паклалі ў шпіталь, а ў Белым доме загадалі насіць маскі