Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў Указ № 420/2020 «Аб некаторых захадах для прыцягненьня прадпрымальнікаў, высокакваліфікаваных спэцыялістаў, якія зьяўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь».
У паведамленьні на сайце прэзыдэнта гаворыцца, што гэты дакумэнт будзе спрыяць разьвіцьцю інвэстыцыйнага патэнцыялу Ўкраіны і прыцягненьню высокакваліфікаваных ІТ-адмыслоўцаў і інаватараў.
Згодна з указам, Кабінэт міністраў падоўжыць да 180 дзён у годзе тэрмін часовага знаходжаньня на тэрыторыі Ўкраіны грамадзян Беларусі. Гэта тычыцца прадпрымальнікаў, высокакваліфікаваных спэцыялістаў, у прыватнасьці спэцыялістаў у сфэры інфармацыйных тэхналёгій і інавацый, іміграцыя якіх адпавядае інтарэсам Украіны, і іх сем’яў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія PandaDoс, чатырох мэнэджараў якой арыштавалі ў Беларусі, пераяжджае ва Ўкраіну
Таксама ўрад ўводзіць пілётны праект для спрошчанага афармленьня віду на жыхарства для гэтых катэгорый грамадзян Рэспублікі Беларусь. Мяркуецца прадугледзець магчымасьць скарачэньня да трох дзён тэрмінаў для атрыманьня такіх дакумэнтаў безь неабходнасьці дадатковага выезду за межы ўкраінскай тэрыторыі.
Асобна ўрад Украіны, паводле ўказу, павінен аптымізаваць парадак атрыманьня дазволаў на прымяненьне працы іншаземцаў і асоб без грамадзянства для працаўладкаваньня грамадзян Беларусі, якія зьяўляюцца высокакваліфікаванымі ІТ-спэцыялістамі. Для гэтага прапануецца скараціць да пяці дзён тэрмін даваньня такога дазволу і прадугледзець магчымасьць яго атрыманьня па прынцыпе маўклівай згоды.
Згодна з указам, будзе ўдасканаленая працэдура рэгістрацыі беларускіх ІТ-спецыялістаў як фізычных асоб-прадпрымальнікаў — плацельшчыкаў адзінага падатку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выплаты ў бюджэт рэзыдэнтаў ПВТ вырасьлі на траціну за год. Цяпер дзясяткі ІТ-кампаніяў разглядаюць пераезд за мяжу
Адпаведна з указам, плянуецца прызнаваць дакумэнты, выдадзеныя кампэтэнтнымі органамі Беларусі, якія неабходныя для ажыцьцяўленьня працоўнай дзейнасьці ва Ўкраіне.
Уладзімер Зяленскі абавязаў урад Украіныы забясьпечыць бесьперабойнае функцыянаваньне адзінага інфармацыйнага парталу і тэлефонаў гарачай лініі для прадстаўленьня кансультацый грамадзянам Беларусі, якія імігруюць ва Ўкраіну.
Указ уступае ў сілу зь дня яго апублікаваньня.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі дзясяткі беларускіх ІТ-фірмаў заявілі пра намер пераехаць у іншыя краіны.