Тэкст звароту зьявіўся 3 кастрычніка на сайце Маскоўскай Хэльсынскай групы. «Мы падзяляем каштоўнасьці, за якія вы змагаецеся. Мы салідарныя з вамі і верым у вас», — гаворыцца ў ім.
«Уся тая Расея, якая да сёньняшняга дня здолела захаваць розум і гонар ва ўмовах шматгадовага ціску на асноўныя правы і свабоды і масіраванага ўзьдзеяньня гіганцкай прапагандысцкай машыны, якая пакінула далёка ззаду савецкі агітпроп, — з вамі і за вас», — гаворыцца ў звароце.
Падпісанты звароту адзначаюць, што «з жахам і болем адчуваюць сваё бясьсільле, немагчымасьць дапамагчы» беларусам, выдатна разумеюць недастатковасьць усіх сваіх намаганьняў, і што цяпер «менавіта гэтае пачуцьцё — сапраўдная прычына маўчаньня многіх расейцаў: нам сорамна за сваё бясьсільле».
«Вам, якія сталі моцнымі, сёньня цяжка зразумець наша бясьсільле. Пакуль мы ня ў сілах паўплываць на наш урад, які ганебна прызнаў легітымнасьць дыктатара і фактычна спрыяе ўтрыманьню яго ва ўладзе. Наш урад даўно разарваў сувязь паміж уладай і грамадзянскай супольнасьцю і ставіцца да яго, як да ўнутранага ворага», — гаворыцца ў звароце, аўтары якога выказваюць спадзяваньне, што «быць можа, прыклад братняга беларускага народу абудзіць Расею ад летаргіі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія навукоўцы выказаліся за новыя выбары ў Беларусі«Але вы павінны ведаць: дэмакратычная Расея катэгарычна выступае супраць падтрымкі, якую аказвае расейскае кіраўніцтва Аляксандру Лукашэнку. І, само сабой зразумела, мы ня станем маўчаць, калі наш урад паспрабуе распачаць якія-небудзь дзеяньні, накіраваныя на зьнішчэньне або парушэньне незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі», — гаворыцца ў звароце.
Зварот падпісалі 102 удзельнікі розных расейскіх грамадзянскіх рухаў і арганізацый, у прыватнасьці, кіраўнікі і чальцы такіх арганізацый, як
- Цэнтар разьвіцьця дэмакратыі і правоў чалавека,
- Расейскі дасьледчы цэнтар па правах чалавека,
- маскоўскі Інстытут правоў чалавека,
- Незалежная псыхіятрычная асацыяцыі Расеі,
- Сахараўскі цэнтар,
- Партыя народнай свабоды (ПАРНАС),
- Праваабарончая рада Санкт-Пецярбургу,
- Міжнародная калегія адвакатаў «Санкт-Пецярбург»,
- камітэт «Грамадзянскае садзейнічаньне»,
- Іркуцкая рэгіянальная праваабарончая арганізацыя «Сібір без катаваньняў»,
- фонд «Грамадзкі вэрдыкт»,
- Цэнтар садзейнічаньня рэформе крымінальнага правасудзьдзя
і інш.