Былы дарадца прэзыдэнта ЗША Кэліэн Конўэй паведаміла ў Твітэры пра станоўчы вынік тэсту на каранавірус. У мінулую суботу, 26 верасьня, яна была сярод тых, хто прысутнічаў у Ружавым садзе Белага дому на цырымоніі вылучэньня Эмі Коні Барэт на пасаду судзьдзі Вярхоўнага суду ЗША.
Конўэй — пятая асоба з прысутных на цырымоніі з станоўчым тэстам на COVID-19. Сярод тых, хто заразіўся каранавірусам, — прэзыдэнт Дональд Трамп і яго жонка, двое сэнатараў-рэспубліканцаў і прэзыдэнт унівэрсытэту Нотр-Дам, удакладняе CNN.
Тэлеканал адзначае, што госьці прыбылі на цырымонію ў масках, аднак зьнялі іх неўзабаве пасьля пачатку. Некаторыя наведнікі не выконвалі правілаў сацыяльнага дыстанцыяваньня. CNN паведамляе, што крэслы для гасьцей у Ружавым садзе таксама былі расстаўленыя без захаваньня належнай адлегласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трампа паклалі ў шпіталь, а ў Белым доме загадалі насіць маскіПра тое, што ў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і яго жонкі станоўчы тэст на COVID-19, стала вядома 2 кастрычніка. Паводле афіцыйных заяваў, яны пачуваюцца добра. Трампа з рэкамэндацыі лекараў і дзеля засьцярогі шпіталізавалі ў Нацыянальны вайскова-мэдычны цэнтар у Вашынгтоне. Там ён працягвае працаваць. Перадаваць на час шпіталізацыі свае паўнамоцтвы віцэ-прэзыдэнту Майку Пэнсу Трамп ня стаў.