Літаратурны каляндар другога восеньскага месяца адметны тым, што пасьля паўгадавога перапынку, выкліканага пандэмічнай навалай, у літаратурнае жыцьцё вяртаюцца вялікія публічныя імпрэзы. Сярод іх вылучаецца працягласьцю і насычанай праграмай фэст інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». На ім чакаецца безьліч прэзэнтацыяў новых выданьняў, шматлікія дыскусіі і ўручэньне ажно чатырох прэміяў.
Літаратурны каляндар Свабоды — у першую суботу кожнага месяца.
Паэзія
Рыгор Барадулін. «Дзёньнікі і запісы». Выпуск 8. Менск, «Кнігазбор».
На першы погляд здаецца, што гэтая кніга мусіла быць тут пад рубрыкай «Дакумэнталістыка». І сапраўды, том ахоплівае драматычныя ў жыцьці аўтара і краіны гады 1996–1997. Ягоны боль за абылганыя нацыянальныя сымбалі, гвалт над роднаю мовай, трывожныя развагі пра будучыню кладуцца на старонкі тому вострымі зацемкамі з хвосткімі характарыстыкамі зьнішчальнікаў сьвятых для народа паняткаў. Але тут жа зьмешчаныя і больш за 120 вершаў, якія ніколі раней не друкаваліся. А гэта ж цэлая кніга. Новая. Так што шматлікіх прыхільнікаў паэзіі народнага паэта чакае асалода сустрэчы зь невядомымі дагэтуль вершаванымі шэдэўрамі.
Сабака лечыць сам сябе —
Шукае травы, а найболей
Ён лечыцца — нарэшце — воляй.
Прыемна вецер поўсьць скубе.
А белы сьвет сышоўся клінам,
Журлівым клінам жураўліным.
У сьмелай волі п’яны дух.
Адно ашыйнік напамінам
Пра костку, будку ды ланцуг…
Проза
Сьвятлана Алексіевіч. «У вайны не жаночы твар». Перавыданьне (па-расейску). Масква, «Время».
Гэта ўжо 10-ы наклад кнігі пасьля Нобэлеўскай узнагароды аўтаркі «У вайны не жаночы твар». «А вось у сёньняшняга беларускага пратэсту твар якраз жаночы — прыўкрасны і натхнёны», — сказала ў адным зь нядаўніх інтэрвію Сьвятлана Алексіевіч. Выдаўцы спадзяюцца, што новая кніга славутае беларускае пісьменьніцы пра галоўных гераіняў сёлетняе жнівеньскае рэвалюцыі неўзабаве парадуе чытачоў.
Саша Філіпенка. «Чырвоны крыж». Перавыданьне (па-расейску). Масква, «Время».
Трэці наклад «Чырвонага крыжа» выкліканы пастаноўкай спэктакля паводле кнігі ў маскоўскім «Гогаль-Цэнтры». Пасьляпрэмʼерны попыт на кнігу рэзка павысіўся, — кажуць выдаўцы. І ня толькі ў Расеі. «Чырвоны крыж» перакладзены ўжо на дзесяць моваў.
Саша Філіпенка — мянчук родам. Ягоны першы раман «Былы сын», які адразу прынёс аўтару папулярнасьць, цалкам пабудаваны на беларускіх рэаліях пачатку стагодзьдзя ўлучна з палітычнымі рэпрэсіямі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Гэты раман сёлета прачыталі для ютуб-праекту «Былы сын. Салідарныя зь Беларусьсю» 30 артыстаў, пісьменьнікаў і журналістаў з Расеі, Украіны і самой Беларусі. А аўтар быў удзельнікам многіх жнівеньскіх пратэставых акцыяў у Менску.
Дзіцячая літаратура
Яўгенія Пастэрнак, Андрэй Жвалеўскі. «Банальныя гісторыі» (па-расейску). Масква, «Время».
Вось адзін зь першых чытацкіх водгукаў на новую кнігу папулярных менскіх аўтараў, якія пішуць для падлеткаў: «У кожнай гісторыі я пазнавала сябе. Прычым не ў адным героі, а ўва ўсіх і адразу. Гэта ўражвае — наколькі дакладна апісаныя думкі пэрсанажаў. Узьнікла ўражаньне, што я проста перанеслася ў іншы сусьвет, такі ж сапраўдны і рэальны, як і наш. Гэта кніга для шасьціклясьнікаў? Не. Здаецца, што яна напісана яшчэ і для бацькоў, і для настаўнікаў і наагул для ўсіх дарослых. Гэта шанец паглядзець на сябе збоку» (Аня Салава).
Дакумэнталістыка
Дакумэнты і матэрыялы па гісторыі беларускай эміграцыі ў Чэхаславацкай Рэспубліцы (1918–1939). Укладальнік Андрэй Буча. Менск, «Кнігазбор».
Гэта, мабыць, першая спроба маштабнага паказу жыцьця выхадцаў зь Беларусі ў міжваеннай Чэхаславаччыне. З увагі на тое, што ў 1923 годзе ў Прагу пераехаў урад БНР, што там вучылася цэлая плеяда выбітных беларускіх дзеячоў, што на берагах Вэлтавы закрасаваў талент выбітнай паэткі Ларысы Геніюш, то з старонак кнігі маем магчымасьць адчуць асаблівую атмасфэру тагачаснага жыцьця нашых суайчыньнікаў у прыязнай краіне. Прычым у самых розных сацыяльных, палітычных, эканамічных, культурных, побытавых рэаліях. Чытач адкрые для сябе цэлы сьвет пад назовам «Беларусы ў міжваеннай Чэхаславаччыне».
Вітаўт Тумаш. «Выбранае». Укладальнікі Натальля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч. Менск, «Кнігазбор».
Кніга выбранага Вітаўта Тумаша пераносіць чытача ў беларускі сьвет на другім беразе Атлянтыкі. Рупны навуковец, скарыназнавец, кніжнік, архівіст зь Нью-Ёрку ў сваіх дасьледаваньнях намнога апярэдзіў калегаў з мэтраполіі. Вось толькі адна цытата:
«Беларускія народныя радзімыя духова-культурныя асновы на працягу ўсіх пораў гістарычнага жыцьця беларускага народу вызначаюцца элемэнтамі прававога ладу, дэмакрацыі, нацыянальнай, рэлігійнай дый палітычнай талеранцыі. Гэта дае поўную падставу паводля псыхікі дый нацыянальна-культурнага тыпу беларускі народ залічаць да народаў заходнеэўрапейскіх».
Надзённа, праўда ж. А сказана ў 1955 годзе.
Падзеі
Фэст інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». 15–18 кастрычніка. Канфэрэнц-заля Палацу мастацтва, Менск, вул. Казлова, 3.
У ліку іншага ў насычанай праграме фэсту мае быць:
Цырымонія ўручэньня прэміі Ежы Гедройця. 15 кастрычніка, 20.00–21.30.
Абвяшчэньне пераможцаў прэміі Цёткі. 16 кастрычніка, 20.30–20.45.
Цырымонія ўручэньня прэміі Карласа Шэрмана. 17 кастрычніка, 19.30- 21.30.
Уручэньне прэміі АРТ-Прадмова — 2020. 18 кастрычніка, 20.00–20.50.
Сачыце за падрабязнымі абвесткамі. І прыходзьце на «Прадмову».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2020-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: верасень