Польшча, як і Літва, адмаўляецца адклікаць свайго амбасадара з Беларусі
Міністэрства замежных справаў Беларусі запатрабавала ад Польшчы і Літвы скараціць колькасьць сваіх дыпляматаў у Беларусі. Амбасадары Беларусі ў гэтых краінах былі адкліканыя дадому для кансультацыяў. Пра гэта заявіў сёньня прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз. Ён дадаў, што Менск прапануе амбасадарам Польшчы і Літвы ў Беларусі таксама адправіцца ў свае сталіцы для кансультацыяў.
Міністар замежных справаў Польшчы Зьбігнеў Раў адказаў на прапанову МЗС Беларусі ў сваім Твітары:
Беларусь адклікала сваіх амбасадараў у Польшчы і Літве для кансультацый і чакае таго ж ад Польшчы і Літвы. Разам з Лінкявічусам (міністрам замежных справаў Літвы — РС) мы перакананыя, што камунікацыйныя каналы павінны быць захаваныя, і на дадзеным этапе мы не зьбіраемся адклікаць нашых амбасадараў для кансультацыяў
Раней кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус таксама заявіў , што Вільня не зьбіраецца адклікаць свайго амбасадара для кансультацыяў, а таксама скарачаць пэрсанал сваёй амбасады ў Менску.