Сталая каардынатарка ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі і старэйшы дарадца ў правах чалавека Омер Фішэр сустрэліся з намесьнікам міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Генадзем Казакевічам, а таксама прадстаўнікамі міністэрства аховы здароўя, міністэрства замежных справаў, Сьледчага камітэту і генэральнай пракуратуры.
Генадзь Казакевіч падчас сустрэчы заявіў, што ні адзін факт згвалтаваньняў затрыманых у Беларусі падчас пратэстаў не пацьверджаны.
На старонцы прадстаўніцтва ААН у Беларусі выкладзены камэнтар прадстаўніцтва па гэтых перамовах: Ніякія абставіны не могуць служыць апраўданьнем катаваньняў або любых іншых формаў жорсткага абыходжаньня — заявілі прадстаўнікі ААН падчас размовы з прадстаўнікамі праваахоўных органаў Беларусі
Сталая каардынатарка ААН выказала занепакоенасьць маштабнымі і неабгрунтаванымі абмежаваньнямі свабоды мірных сходаў у краіне, затрыманьнем вялікай колькасьці мірных дэманстрантаў, празьмерным ужываньнем сілы супрацоўнікамі міліцыі пры затрыманьні, а таксама паведамленьнямі, якія працягваюць паступаць, аб катаваньнях і іншых формах жорсткага абыходжаньня з асобамі, якія ўтрымліваюцца пад вартай. Акрамя таго, яна выказала занепакоенасьць абмежаванасьцю інфармацыі пра якія-небудзь крокі, зробленыя ўладамі для расьсьледаваньня меркаваных выпадкаў катаваньняў і іншых формаў жорсткага абыходжаньня або неправамерных дзеяньняў міліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Літвы: Трэба правесьці міжнароднае расьсьледаваньне гвалту ў БеларусіПрадстаўнікі ААН адзначылі, што ніякія абставіны не могуць служыць апраўданьнем катаваньняў або любых іншых формаў жорсткага абыходжаньня. Яны падкрэсьлілі, што ўлады павінныя не перашкаджаць ажыцьцяўленьню правоў на свабоду выказваньня меркаваньняў і мірных сходаў, а таксама адзначылі, што мірных пратэстоўцаў і журналістаў не варта затрымліваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МУС Беларусі адрэагавалі на заявы пра катаваньні і згвалтаваньні затрыманых дэманстрантаўПрадстаўнікі ААН таксама папрасілі даць інфармацыю аб наяўнасьці якой-небудзь ацэнкі тактыкі, якая выкарыстоўвалася міліцыяй, у кантэксьце значнай колькасьці параненых і загінулых сярод пратэстоўцаў, а таксама аб наяўнасьці якой-небудзь ацэнкі стратэгій высьвятленьня асобы супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія не выкарыстоўваюць бачныя бэджы зь імёнамі або асабістыя нумары на форменнай вопратцы.
Сталая каардынатарка ААН у чарговы раз папрасіла арганізаваць наведваньне двух месцаў утрыманьня пад вартай у Менску з мэтай азнаямленьня з умовамі ўтрыманьня ў іх.