Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што краіна пакуль не разглядае адкліканьне амбасадара і іншых дыпляматаў зь Беларусі ў адказ на дыпляматычныя крокі Менску, паведамляе delfi.lt.
«Мы дакладна ня маем намеру адклікаць (амбасадара) на кансультацыі і дакладна ня будзем нічога рабіць у пытаньні скарачэньня пэрсаналу, — сказаў журналістам Лінкявічус. — Мы не зацікаўленыя скарачаць каналы супрацы, зносінаў, мы бачым і мноства праблем у гэтым, і самі дакладна ня будзем зьвяртацца да такой ініцыятывы, бо ня бачым у гэтым карысьці».
Міністар правёў прэс-канфэрэнцыю неўзабаве пасьля таго, як Міністэрства замежных справаў Беларусі запатрабавала ад Польшчы і Літвы скараціць колькасьць дыпляматаў у іхных амбасадах у Менску, а таксама заявіла аб адклiканьнi для кансультацыяў амбасадараў зь Літвы і Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За «дэструкцыйную дзейнасьць». Беларусь запатрабавала ад Польшчы і Літвы скараціць колькасьць дыпляматаўПаводле Лінаса Лінкявічуса, «Менск сфармуляваў сваю пазыцыю як прапанову, а не патрабаваньне», і хоць такога кроку «можна было чакаць з улікам ранейшай рыторыкі рэжыму, аднак гэты крок ёсьць прыкметаю слабасьці» і ён сустрэў яго «са шкадаваньнем і расчараваньнем».
Кіраўнік літоўскага замежнапалітычнага ведамства сказаў, што абмеркаваў сумесны адказ зь міністрам замежных справаў Польшчы Зьбігневам Раў і інфармаваў Эўрапейскую службу вонкавых сувязяў.