Расейскі дэпутат, намесьнік старшыні камітэту міжнародных справаў Думы Дзьмітры Новікаў заявіў, што ў адказ на санкцыі Эўразьвязу супраць афіцыйнага Менску ён чакае паскарэньня збліжэньня Расеі і Беларусі ў рамках «саюзнай дзяржавы».
Заяву апублікавала агенцтва «Інтэрфакс».
«Расея можа адказаць, павінна адказаць. Найлепшы адказ, на мой погляд, — гэта ўмацаваньне „саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі“ з гледзішча агульнай заканадаўчай базы і разьвіцьця эканамічных сувязяў», — сказаў Новікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крамлі не пагадзіліся з Лукашэнкам, што «беларускія падзеі могуць адбыцца і ў Расеі»ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз увёў у дзеяньне санкцыі супраць Беларусі
2 кастрычніка Рада Эўразьвязу зацьвердзіла санкцыі супраць 40 службовых асобаў Беларусі, якіх лічаць датычнымі да фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту супраць маніфэстантаў падчас мірных пратэстаў.
Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль адзначыў, што ў залежнасьці ад разьвіцьця сытуацыі санкцыйны сьпіс будзе пераглядацца.