Freedom House: Пандэмія COVID-19 паглыбіла крызіс дэмакратыі ва ўсім сьвеце

Менск, 27 верасьня 2020

Пандэмія каранавірусу COVID-19 паглыбіла крызіс дэмакратыі ва ўсім сьвеце, дазволіўшы ўрадам зрываць выбары, аказваць ціск на крытыкаў і прэсу і падрываць намаганьні дзеля абароны правоў чалавека і здароўя насельніцтва.

Пра гэта гаворыцца ў сумесным дакладзе маніторынгавай арганізацыі Freedom House і дасьледчай кампаніі GQR ад 2 кастрычніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі расьце колькасьць новых выпадкаў каранавірусу: за суткі заразіліся 388 чалавек, 6 памерлі

Адносна ўплыву пандэміі на сытуацыю ў Беларусі, даклад адзначае:

«Падзеі ў Беларусі зьяўляюцца моцным прыкладам адкату ў краіне, дзе свабода сходаў доўгі час жорстка абмяжоўваецца. (…) Пратэст супраць Лукашэнкі прынамсі часткова быў выкліканы ягоным адмаўленьнем пандэміі, што спрычынілася да сьмяротнай успышкі вірусу».

Згодна з дакумэнтам «Дэмакратыя на карантыне», з пачатку пандэміі стан дэмакратыі і правоў чалавека пагоршыўся ў 80 краінах.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ