У сувязі з прынятымі Эўразьвязам візавымі санкцыямі ў дачыненьні да шэрагу беларускіх службовых асобаў афіцыйны Менск уводзіць свой санкцыйны сьпіс, паведамляе МЗС Беларусі.
Згодна з «цывілізаванай дыпляматычнай практыкай», публікаваць яго ня будуць, удакладнілі ў ведамстве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз уводзіць санкцыі супраць 40 беларускіх афіцыйных асобаў«Адзіны сьпіс неўязных асобаў дзейнічае таксама ў рамках інтэграцыйных аб’яднаньняў, у якія ўваходзіць Беларусь, — гаворыцца ў заяве МЗС. — Далейшае раскручваньне Эўразьвязам „санкцыйнага махавіка“ можа прывесьці да яшчэ больш сур’ёзных наступстваў, напрыклад выхаду Беларусі з сумесных праграмаў і праектаў, перагляду ўзроўню дыпляматычнай прысутнасьці аж да рашэньня аб мэтазгоднасьці захаваньня дыпляматычных стасункаў».
Міністэрства замежных спраў Беларусі заклікала Эўразьвяз «тут і цяпер» падвоіць сумесныя намаганьні ў барацьбе з агульнымі выклікамі, такімі як нелегальная міграцыя, міжнародная злачыннасьць і тэрарызм, пандэмія інфэкцыйных захворваньняў і іх сацыяльна-эканамічныя наступствы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праект пашырэньня Акту аб дэмакратыі ў Беларусі ўхвалены камітэтам замежных справаў Кангрэсу ЗША«Замест выбудоўваньня новых візавых платоў заклікаем Эўрапейскі зьвяз адкрыць межы для ўсіх беларусаў, а ня толькі для „сэпараваных“ з вамі. Нам пагражаюць тым, што перагледзяць адносіны зь Беларусьсю. Гэта ваш выбар. Беларускі бок таксама гатовы да падобнага перагляду і будзе далей адэкватна рэагаваць на любыя недружалюбныя дзеяньні. Спробы навязаць беларусам нейкіх адабраных звонку прадстаўнікоў, праекты „ўрадаў у выгнаньні“ і г. д. асуджаныя на правал».
Аддаляючы ад сябе Беларусь, партнэры з Эўразьвязу забываюць «трагічныя ўрокі гісторыі», якая ім гэтага не даруе, папярэдзілі ў МЗС.
У ноч на 2 кастрычніка лідэры ЭЗ узгаднілі плян увядзеньня санкцый да 40 асобаў, адказных за фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў і жорсткія рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў. Лукашэнку ў санкцыйны сьпіс ня ўнесьлі.
1 кастрычніка Камітэт замежных справаў Кангрэсу ЗША прыняў праект пашырэньня Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які ўнесьлі ў Палату прадстаўнікоў ЗША 6 кангрэсмэнаў (3 рэспубліканцы і 3 дэмакраты)
Калі законапраект будзе прыняты, то цягам 120 дзён дзяржсакратар і кіраўнік нацыянальнай выведкі ЗША мусяць даць справаздачу аб пагрозе сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі з боку Расеі. Яшчэ адзін даклад — аб маёмасьці Аляксандра Лукашэнкі — павінен быць падрыхтаваны міністрам фінансаў ЗША, дзяржсакратаром і кіраўніком выведкі на працягу 90 дзён.