Праект пашырэньня Акту аб дэмакратыі ў Беларусі ўхвалены камітэтам замежных справаў Кангрэсу ЗША

Кангрэс ЗША

Камітэт замежных справаў Кангрэсу ЗША прыняў праект пашырэньня Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які ўнесьлі ў Палату прадстаўнікоў ЗША 6 кангрэсмэнаў (3 рэспубліканцы і 3 дэмакраты), даведалася Радыё Свабода.

Тэкст законапраекту апублікаваны на сайце Кангрэсу. Ён будзе вынесены на агульнае галасаваньне.

Сярод ініцыятараў законапраекту «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі» — рэспубліканец Крыстафэр Сьміт, які быў адным з ініцыятараў «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» ў 2004 годзе.

Пасьля жорсткага разгону пратэстаў пасьля выбараў 2010 году, Сьміт узяў удзел у кампаніі салідарнасьці на хвалях Радыё Свабода. Ён зачытваў імёны людзей, якія пацярпелі за дэмакратыю ў Беларусі пасьля 19 сьнежня 2010-га.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Імёны Свабоды

Калі законапраект будзе прыняты, то цягам 120 дзён дзяржсакратар і кіраўнік нацыянальнай выведкі ЗША мусяць даць справаздачу аб пагрозе сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі з боку Расеі. Яшчэ адзін даклад — аб маёмасьці Аляксандра Лукашэнкі — павінен быць падрыхтаваны міністрам фінансаў ЗША, дзяржсакратаром і кіраўніком выведкі на працягу 90 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША абмеркаваў сытуацыю ў Беларусі з герархамі Ватыкану

Законапраект прапаноўвае шэраг захадаў для падтрымкі грамадзянскай супольнасьці Беларусі, адукацыі на беларускай мове і беларускамоўных мэдыя, а таксама санкцыі як супраць беларускіх чыноўнікаў, так і супраць грамадзян Расеі, якія маюць дачыненьне да задушэньня паслявыбарчых пратэстаў і да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

Каб законапраект прынялі, яго павінны ўхваліць тры камітэты Палаты прадстаўнікоў (міжнародных адносін, фінансавых паслуг і юрыдычны), Палата прадстаўнікоў у поўным складзе, Сэнат і прэзыдэнт ЗША.
Акт 2004 году прадугледжваў увядзеньне санкцыяў супраць беларускага рэжыму і дапамогу НДА і незалежным СМІ, якія выступаюць у абарону дэмакратыі і правоў чалавека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы амбасадар Ялавіц: Новы амбасадар ЗША ў Беларусь не адправіцца