МЗС Беларусі заявіў пра дэфіцыт даверу да ўкраінскіх партнэраў

Анатоль Глаз

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз заявіў, што дэфіцыт даверу да ўкраінскіх калегаў вядзе да нанясеньня шкоды двухбаковым дачыненьням, інфармуе Інтэрфакс.

«Апошнія выказваньні прадстаўнікоў афіцыйнага Кіева ўжо
прывялі да вострага дэфіцыту даверу да ўкраінскіх калегаў. А гэта ж пацягне за сабой адчувальную шкоду для ўсяго беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва. Ці разумеюць гэта ў Кіеве?.. Бясконцы паток рэзкіх заяваў ўкраінскіх палітыкаў, уключаючы міністра замежных справаў, стаў для нас сур’ёзнай падставай для аб’ектыўных сумненьняў у шчырасьці іх заяваў аб дружбе», — заявіў Глаз.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімір Зяленскі перастане называць Аляксандра Лукашэнку прэзыдэнтам. Палітоляг тлумачыць, якія будуць наступствы

Таксама сёньня зьявілася заява амбасады Беларусі ў Кіеве.

Менск расцэньвае публічныя рэкамэндацыі і парады ўкраінскіх афіцыйных асоб у справе арганізацыі ўнутрыпалітычнага жыцьця ў Беларусі спробай умяшаньня ва ўнутраныя справы краіны, сказана ў заяве амбасады, як інфармуе ТАСС.

Пра гэта заявілі ў амбасадзе Беларусі ва Ўкраіне па выніках сустрэчы ў чацьвер прадстаўніка беларускай дыпляматычнай місіі ў другім тэрытарыяльным дэпартамэнце МЗС Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйна Кіеў будзе зьвяртацца да Лукашэнкі па імі, без указаньня пасады

«Публічныя рэкамэндацыі і парады ўкраінскіх афіцыйных асоб, палітыкаў і дэпутатаў у справе арганізацыі ўнутрыпалітычнай жыцьця ў беларускай дзяржаве, ацэнкі ўзаемадзеяньня Беларусі з інтэграцыйнымі аб’яднаньнямі зьяўляюцца некарэктнымі, не адпавядаюць духу добрасуседзтва і расцэньваюцца менавіта як спроба ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі, аказаньня ўплыву на выбар беларускага народу», — сказана ў паведамленьні на сайце беларускай амбасады ў Кіеве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў гатовы стаць пасярэднікам у пераадоленьні крызісу ў Беларусі

У паведамленьні сказана, што заявы Вярхоўнай рады, офісу прэзыдэнта Ўкраіны, міністра замежных справаў, а таксама шматлікія публічныя выказваньні кіраўніцтва гэтай краіны і шэрагу ўкраінскіх афіцыйных асобаў высокага рангу аб унутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі, легітымнасьці прэзыдэнта Беларусі, абстаноўцы на беларуска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы, заклікі да правядзеньня новых выбараў, абмеркаваньне пытаньня аб ужыцьці да Беларусі санкцый «разглядаюцца як надзвычай недружалюбныя жэсты з боку Украіны, не спрыяюць захаваньню даверу ў беларуска-ўкраінскіх адносінах».