Праваахоўныя органы Кіева высьвятляюць акалічнасьці здарэньня з супрацоўніцай амбасады ЗША, якая памерла ў шпіталі ад траўмы галавы, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на паліцыю Ўкраіны.
«У сталічную паліцыю паступіла інфармацыя пра выяўленьне жанчыны з траўмай галавы ў лесапаркавай зоне паблізу чыгуначных шляхоў на вуліцы Талбухіна ў Шаўчэнкаўскім раёне сталіцы», — гаворыцца ў паведамленьні.
Жанчыну ў непрытомным стане шпіталізавалі ў лякарню, дзе яна памерла. Пры аглядзе рэчаў пацярпелай выяўлена пасьведчаньне супрацоўніцы амбасады ЗША на яе імя.
Інтэрфакс прыводзіць паведамленьне інтэрнэт-выданьня «Цензор.Нет», што жанчыну мог зьбіць цягнік, набліжэньня якога яна не пачула.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйна Кіеў будзе зьвяртацца да Лукашэнкі па імі, без указаньня пасады
Але «РИА Новости» ўдакладняе, што да зьбіцьця можа быць датычны мужчына: кароткая стрыжка, цёмныя валасы; на выгляд 30–40 гадоў, ростам пад два мэтры, быў апрануты ў чорныя шорты, цёмна-сінія красоўкі і футболку. Сьледчыя і паліцыянты праводзяць праверку ў шпіталі, дзе памерла жанчына, і на месцы здарэньня, вызначаюць кола сьведак. Меркаванага зламысьніка шукаюць.
Прадстаўнікі ўкраінскай паліцыі таксама паведамілі «РИА Новости», што грамадзянства загінулай яшчэ высьвятляюць. Паводле інфармацыі мясцовых СМІ, яе імя Санвэр Нікаэла.