Андрэя Вярбіцкага пасьля трох дзён шпіталізацыі адвезьлі ў ізалятар, дзе будуць трымаць да суду. Яму інкрымінуюць удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
28 верасьня ў інтэрвію Свабодзе Андрэй Вярбіцкі казаў, што зьбілі яго супрацоўнікі АМАП, калі разганялі пратэстоўцаў. Яму ўдарылі нечым у вобласьць вока і лба. Скура тут садрана і расьсечана. Пасьля зьбіваньня ён кепска бачыў.
У лякарню Андрэя завезьлі зь Ленінскага аддзелу міліцыі, а мэдыкі паведамілі пра «крымінальны характар» пашкоджаньня ў Сьледчы камітэт. Цяпер сьледчыя праводзяць праверку.
Жонка Ірына кажа, што Андрэя выпісалі зь лякарні 30 верасьня і затрымалі ў судмедэкспэртаў, пасьля таго як ён зьняў пабоі. У бальніцы яму дыягнаставалі «выцятую рану» мяккіх тканак галавы і рэкамэндавалі працягнуць лячэньне амбуляторна.