Пра гэта Марына Золатава заявіла падчас прэс-канфэрэнцыі, якую 30 верасьня праводзіць Беларуская асацыяцыя журналістаў.
«Гэта лягічны працяг тактыкі Мінінфарму, зачыстка інфармацыйнага поля. Што да Tut.by, прымянілі пакуль не блякаваньне, не абмежаваньне доступу да рэсурсаў, а задача была — абмежаваць доступ журналістаў да мерапрыемстваў (амаль тое ж самае, што пазбаўленьне акрэдытацыі замежных журналістаў)», — сказала рэдактарка Tut.by.
Паводле яе, партал Tut.by, які працуе з 2000 году, больш за 18 гадоў ня меў стутусу СМІ, але ў 2019 годзе, калі вырашалі, ці патрэбен ім такі статус, выбралі менавіта легальны статус, каб працаваць на акцыях пратэсту, ды і «думалі, што будзе доступ да дзяржаўных органаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БАЖ патрабуе, каб Мінінфарм адклікаў судовы пазоў да Tut.by«Мы разумеем, што падчас гэтай кампаніі і пасьля яе вельмі важна, у якіх умовах ты працуеш на акцыях пратэсту. Нашы журналісты цяпер могуць успрымацца на акцыях не як карэспандэнты, а як удзельнікі акцый. Мы ня будзем рызыкаваць, ня будзем накіроўваць журналістаў на акцыі.
Але і раней журналістаў Tut.by затрымлівалі — Надзею Калініну і Аляксея Суднікава затрымалі 1 верасьня, яны праседзелі на Акрэсьціна па трое сутак. Потым было затрыманьне Аляксандра Васюковіча і Ўладзя Грыдзіна. А цяпер для Tut.by праца ў полі будзе яшчэ больш рызыкоўная», — сказала Марына Золатава.
Яна дадала, што Tut.by будзе адстойваць свае інтарэсы ў судзе і што інакш, як «зачысткай інфармацыйнага поля», яна гэта назваць ня можа і дапускае, што доступ да інтэрнэт-рэсурсу можа быць заблякаваны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінінфарм пазбавіў Tut.by статусу сродку масавай інфармацыі, але партал працягне працу30 верасьня Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) праводзіць прэс-канфэрэнцыю, на якой камэнтуе апошнія рэпрэсіі супраць незалежных СМІ ў Беларусі і прэзэнтуе выніковы даклад «Асьвятленьне прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году ў беларускіх мэдыя».
У прэс-канфэрэнцыі бяруць удзел кіраўніцтва БАЖ, а таксама прадстаўнікі TUT.BY, БелаПАН, «Нашай нівы» і іншых мэдыя.
29 верасьня Міністэрства інфармацыі Беларусі заявіла пра пазбаўленьне Tut.by статусу СМІ ад 1 кастрычніка. Такое рашэньне Мінінфарм прыняў «пасьля дэталёвага аналізу публікацый» Tut.by і вынясеньня 4 пісьмовых папярэджаньняў «у сувязі з парушэньнем пры выпуску сеткавага выданьня „Tut.by“ артыкулаў 4 і 49 Закону аб СМІ».
Рэдакцыя Tut.by заявіла, што нягледзячы на страту статусу СМІ ад 1 кастрычніка выданьне па-ранейшаму будзе працаваць як інтэрнэт-рэсурс. Рэклямныя дамовы будуць па-ранейшаму выконвацца.