Фатаздымкі 73-гадовай беларускай актывісткі Ніны Багінскай апублікаваў вядомы італьянскі часопіс пра моду Vogue.
Аўтар фота — беларускі фатограф Іван Равяка. Ён расказаў у сваім Instagram, як запытаў Багінскую, што б яна сказала беларусам, калі б ведала, што яе пачуюць усе. Ніна Багінская, паводле Івана Равякі, доўга думала, а потым адказала:
«Я б дзьве рэчы перадала. Першае — гэта што няможна быць шчасьлівым, калі чалавек ня вольны. За волю сваю змагацца трэба, за зямлю, за мову, за людзей нашых змагацца трэба. Зямля і людзі вольнымі павінны быць. І шчасьлівымі.
А другое — гэта прыроду нашу захоўваць трэба. Каб чыста было і добра. Мы ад прыроды пайшлі, нам яе і захоўваць належыць. І перадайце ў інтэрнэце, што я люблю ўсiх».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Ніна Багінская з нацыянальным сьцягам стала мастацкім вобразам. 15 малюнкаў