Судзьдзя спыніла адміністрацыйную справу ў дачыненьні да рэгіянальнага выданьня «Медыя-Палессе» за адсутнасьцю складу адміністрацыйнага правапарушэньня, паведамляе выданьне.
Супраць «Медыя-Палесся» завялі адміністрацыйную справу за «пагрозу нацыянальнай бясьпецы краіны» за публікацыю «Настаўнік Ціханоўскай: Гэта яна за мужам, як за дзекабрыстам, пайшла. Ня толькі характар, але і любоў сваю праявіла».
Заяву ў міліцыю напісала настаўніца Мікашэвіцкай сярэдняй школы № 2, дзе вучылася Ціханоўская, Іна Кухарава. Яна запатрабавала абвергнуць інфармацыю пра тое, што яна вучыла Ціханоўскую і параўноўвала яе зь «дзекабрысткай».
Высьветлілася, што карэспандэнт Анатоль Крэйдзіч, апытаўшы людзей на радзіме Сьвятланы Ціханоўскай у Мікашэвічах, словы, сказаныя іншым настаўнікам, памылкова прыпісаў Кухаравай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць сайту «Мэдыя-Палесьсе» завялі справу за «пагрозу нацыянальнай бясьпецы краіны»Пасьля заявы ў міліцыю рэдакцыя «Медыя-Палесся» зьвязалася з настаўніцай і, высьветліўшы яе патрабаваньні, апублікавала абвяржэньне і ўнесла праўку ў артыкул пра Ціханоўскую. Але гэта не дапамагло: міліцыя пачала адміністрацыйны працэс супраць уладальніка сайту «Медыя-Палессе».
У судзе Кухарава патлумачыла, што не давала неадпаведнай рэчаіснасьці інфармацыі. А выкладзеная інфармацыя ня ганьбіла яе гонар, годнасьць ці дзелавую рэпутацыю.
Судзьдзя пастанавіла спыніць адміністрацыйную справу супраць «Медыя-Палесся» праз адсутнасьць складу адміністрацыйнага правапарушэньня.
У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэньні значылася, што «распаўсюджвалася іншая, не адпаведная рэчаіснасьці інфармацыя, якая ня ганьбіла гонар пацярпелай», без указаньня, на што была накіраваная інфармацыя, ці зьмяшчала яна заклікі да незаконных дзеяньняў, ці была забароненая законам.