Амэрыканскія заканадаўцы са сваімі міжнароднымі калегамі накіравалі ліст Аляксандру Лукашэнку з патрабаваньнем неадкладна вызваліць лідэрку беларускай апазыцыі Марыю Калесьнікаву і зьняць зь яе ўсе абвінавачаньні, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Заканадаўцы таксама заклікаюць да неадкладнага вызваленьня сябраў Каардынацыйнай рады Максіма Знака, Ільлі Салея і іншых палітычных зьняволеных, у тым ліку Віталя Шклярава, грамадзяніна ЗША і Беларусі і мужа амэрыканскай дыпляматкі, незаконна зьняволенага.
«Арышт Калесьнікавай не пакладзе канец дэманстрацыям беларусаў за свабоду ў Беларусі. Гэта таксама ня зьменшыць нашу калектыўную рашучасьць падтрымаць беларускі народ і прыцягнуць да адказнасьці рэжым Лукашэнкі і замежных гульцоў за сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека, учыненыя супраць беларусаў», — адзначаюць аўтары ліста.
274 заканадаўцы таксама заклікалі рэжым Лукашэнкі спыніць гвалт у дачыненьні да беларускага народу ў адпаведнасьці з абавязаньнямі Беларусі паводле Заключнага акту Нарады па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы амбасадар Ялавіц: Новы амбасадар ЗША ў Беларусь не адправіццаАўтары ліста адзначылі, што «рашуча падтрымліваюць старанна прадуманыя санкцыі супраць парушальнікаў правоў чалавека ў Беларусі і за яе межамі ў каардынацыі з трансатлянтычнымі саюзьнікамі і міжнароднымі партнэрамі».
Свае подпісы пад лістом паставілі таксама парлямэнтары Ўкраіны, Малдовы, Фінляндыі, Польшчы, Бэльгіі, Румыніі, Нідэрляндаў, Славаччыны, Італіі і іншых краінаў.