Па выхадзе на волю з Жодзінскай турмы ў камэнтары для Свабоды спартовы журналіст Сяргей Шчурко назваў «сьмешнымі» суды, якія адбываюцца над удзельнікамі пратэставых акцый. Хутчэй гэта імітацыя законнасьці, лічыць Шчурко.
Ён не выключае, што адной з фармальных прычын перасьледу стаў подпіс пад адкрытым лістом работнікаў спартовай галіны з палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў. Але дзеля дасягненьня мэты ня грэбавалі ніякімі мэтадамі, кажа Шчурко.
«Выглядала крыху недарэчна, калі ў гэтым зьвязку згадвалі нейкія штрафы за перавышэньне хуткасьці — умоўна кажучы, пазалеташнія, пра якія я сам ня памятаю, — расказаў Сяргей Шчурко. — Седзячы ў розных камэрах і абмяркоўваючы неверагодныя гісторыі арыштантаў, выразна разумееш, што прававая сыстэма ў краіне проста рухнула. Не, напэўна, ёсьць і іншае дно, але тое, што бачым, — нешта неверагоднае. Як кажуць, робяць яны, а сорамна нам».
Журналіст кажа, што ня ведае ніводнага чалавека, які, выйшаўшы з турмы, памяняў бы свае перакананьні. І гэта вялікі досьвед — знаёмства за кратамі зь вялікай колькасьцю годных людзей.
«Мы цяпер на тым гістарычным моманце, калі фармуецца беларуская нацыя. Яна ня можа ўзьнікнуць сама па сабе, неабходна прайсьці пэўныя выпрабаваньні. Магчыма, будзе яшчэ складаней, але асабіста я бачу, што мы на правільным шляху. Адным словам, пражываем гэты год з пачуцьцём асаблівай годнасьці», — падсумаваў Сяргей Шчурко.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля 15 сутак арышту на волю выйшаў спартовы журналіст Сяргей Шчурко. Яго сустракалі чэмпіёны. ФОТА і ВІДЭАЛя турэмных муроў журналіста сустракалі калегі з газэты «Прессбол», карэспандэнты незалежных выданьняў, а таксама вядомыя спартоўцы — чэмпіён Эўропы ў баскетболе сярод моладзевых зборных Ягор Мешчаракоў, пераможца этапу Кубка сьвету ў парашутным спорце Аляксандра Садоўнікава, удзельніца паўмаратонскіх забегаў Вольга Хіжынкова ды іншыя.
Сяргей Шчурко перастаў выходзіць на сувязь 14 верасьня каля 13-й гадзіны. Перад гэтым ён пасьпеў напісаць сябрам, што да яго едуць «на размову» супрацоўнікі Першамайскага РУУС.
У другой палове таго ж дня адбыўся таемны працэс у Першамайскім судзе, на які не дапусьцілі нават адваката. Судзьдзя Максім Трусевіч абвінаваціў журналіста ў парушэньні артыкула 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і прызначыў 15 сутак арышту. Адтуль яго даставілі спачатку ў ізалятар на Акрэсьціна, а празь нейкі час перавезьлі ў Жодзіна.
Сяргей Шчурко — адзін зь яркіх прадстаўнікоў спартовай журналістыкі Беларусі. Арганізаваў дапамогу дзясяткам інвалідаў-заўзятараў і траўмаваных атлетаў, прыдумаў і правёў МоваCup і праект «Мары збываюцца». Прасоўваў дабрачынныя паўмаратоны і сам у іх удзельнічаў. У свой час сур’ёзна займаўся гандболам, прапагандаваў любімы від спорту праз аматарскія турніры журналістаў і вэтэранаў.
Некалькі гадоў таму ініцыяваў разам з Аляксандрай Герасіменяй мэмарыяльную дошку на доме паэта і дыплямата Генадзя Бураўкіна, якую ўлады так і не дазволілі павесіць.
Сяргей Шчурко — аўтар кнігі «Каханьне і спорт».