29 верасьня прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон сустрэўся ў Вільні са Сьвятланай Ціханоўскай, якую краіны ЭЗ цяпер называюць «нацыянальным лідэрам Беларусі». Глядзім, што зьвязвае Беларусь і Францыю ў эканоміцы.
Гандаль
Сёлета за паўгода таваразварот Беларусі і Францыі склаў 238 мільёнаў даляраў. Экспарт у Францыю зь Беларусі за гэты час склаў 60 мільёнаў даляраў, імпарт — 178 мільёнаў даляраў. Такі таваразварот меншы, чым зь Вялікай Брытаніяй ці Нямеччынай, але большы, чым з Латвіяй ці Гішпаніяй.
У Францыю Беларусь пастаўляе азотныя і калійныя ўгнаеньні, мэблю і драўніну, гародніну. У Францыі Беларусь купляе лекі, парфуму, корм для жывёлаў, віно і нават трактары і запчасткі да іх. Адзін з самых удалых для гандлю гадоў быў 2014-ы, тады таваразварот склаў паўмільярда даляраў, з таго часу ён зьніжаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 70 работнікаў «Гродна Азот» напісалі заявы на звальненьне. Яны пратэстуюць супраць арышту іх калегіПалітычныя стасункі
Амаль 6 гадоў амбасадарам у Францыі працаваў Павал Латушка, які цяпер уваходзіць у прэзыдыюм Каардынацыйнай рады і знаходзіцца за межамі Беларусі. Аляксандар Лукашэнка наведваў Францыю ў 1996 годзе, тады ён сустракаўся з францускім прэзыдэнтам Жакам Шыракам.
У 2015 годзе тагачасны прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд прыяжджаў у Менск на сустрэчу «нармандзкай чацьвёркі», каб дамагчыся спыненьня агню на ўсходзе Ўкраіны. Гэтыя перамовы паміж Мэркель, Пуціным, Аляндам і Парашэнкам посьпеху ня мелі.
Пасьля выйшла кніга Франсуа Алянда «Ўрокі ўлады», дзе ён апісаў тую сустрэчу як «Ноч у бяздушным палацы». Апісаньне тычылася ў асноўным перамоваў, але Алянд зьвярнуў увагу на «нязручны нізкі круглы стол», за якім вяліся перамовы.
Пасьля выбараў 2020 году Францыя не прызнала перамогі Аляксандра Лукашэнкі і не палічыла яго легітымным прэзыдэнтам. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон параіў Лукашэнку «пакінуць свой пост».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон: Мы не прызнаём Аляксандра Лукашэнку як прэзыдэнта Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жахлівыя бутэрброды», «бяздушная заля» і пагрозы Пуціна: менскія перамовы 2015 году ў кнізе экс-прэзыдэнта Францыі Алянда