Бакі канфлікту ў Нагорным Карабаху абвінавачваюць адзін аднаго ў эскаляцыі сытуацыі. Баку сьцьвярджае, што армянская армія пачала наступ, які вайскоўцам Азэрбайджану ўдалося адбіць.
Ерэван паведамляе, што армянская армія адбіла атакі праціўніка. Акрамя таго, Армэнія пагражае прымяніць у рэгіёне зброю з шырокім радыюсам паражэньня.
Армэнія заяўляе, што ў выніку ўдару па горадзе Гардут загінуў мірны жыхар, яшчэ тры чалавекі атрымалі раненьні.
Улады Нагорнага Карабаху паведамілі, што за два дні пасьля абвастрэньня канфлікту загінулі 84 вайскоўцы. Інфармацыю пра дзясяткі ахвяраў са свайго боку пацьвердзілі ў Міністэрстве абароны Азэрбайджану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канфлікт у Нагорным Карабаху: баі працягваюцца з выкарыстаньнем цяжкага ўзбраеньня. ВІДЭА
У абедзвюх краінах абвешчана ваеннае становішча і мабілізацыя. Урад Арменіі абмежавала выезд за мяжу ўсіх мужчын ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў.
На фоне абвастрэньня канфлікту азэрбайджанскія ўлады заблякавалі папулярныя сацыяльныя сеткі і мсэнджэры. Міністэрства сувязі краіны раней заявіла, што абмежаваньні дапамогуць прадухіліць правакацыі з боку Армэніі. Азэрбайджанскія карыстальнікі паведамляюць, што сацсеткі і мсэнджэры даступныя праз VPN.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН заклікала спыніць баі ў Нагорным Карабаху
Спрэчка аб тэрытарыяльнай прыналежнасьці Нагорнага Карабаху вядзецца з савецкіх часоў. Азэрбайджан не кантралюе рэгіён, які населены пераважна армянамі, з пачатку 1990-х гадоў. Тады падчас збройнага канфлікту загінулі ня менш за 30 тысяч чалавек і сотні тысяч сталі ўцекачамі.
Цяперашняе абвастрэньне канфлікту — самае маштабнае прынамсі з 2016 году.
Краіны-пасярэднікі ў мірным урэгуляваньні ў Карабаху, уключаючы ЗША і Расею, заклікаюць да завяршэньня баёў. З такім жа заклікам да Баку і Ерэвану зьвярнуўся генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш.