Як заявіў «Нашай Ніве» праваабаронца пазбаўленага рэгістрацыі Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч, яны прызнаюць хлопцаў палітвязьнямі.
29 верасьня суд у Маладэчне пакараў Паўла Пяскова і Ўладзіслава Еўсьцігнеева пазбаўленьнем волі ў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Вырак вынесла судзьдзя Вікторыя Паляшчук.
За штурханіну зь сілавікамі 19 чэрвеня мужчын прызналі вінаватымі паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў супрацоўніку міліцыі, зьвязаны з ужываньнем гвалту). Паўла Пяскова, якому падчас судовага разбору зьмянілі меру стрыманьня з хатняга арышту на ўзяцьце пад варту, пакаралі 3 гадамі і 3 месяцамі ў калёніі агульнага эжыму, Уладзіслава Еўсьцігнеева— 3 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
Юрыст праваабарончага цэнтра Вясна Валянцін Стэфановіч заявіў, аб гатоўнасьці прызнаць засуджаных у Маладэчне палітычнымі зьняволенымі.
«У Маладзечне праводзілі мірныя сходы, якія зьяўляюцца такімі па стандартах АБСЭ. Яны не несьлі пагрозы жыцьцю і здароўю грамадзян, або нацыянальнай бясьпецы. Пры гэтым, людзі былі атакаваныя міліцыяй, якая спрабавала спыніць сход, у тым ліку дэманстравалася табэльная зброя. У выніку гэтага і атрымалася сытуацыя, справакаваная такой рэакцыяй міліцыі. Пры гэтым, абвінавачаныя Пяскоў і Еўсьцігнееў не нанесьлі супрацоўнікам фізычнай шкоды — тыя не выстаўлялі адпаведных позваў. Таму так, мы будзем прапаноўваць на абмеркаваньне шырокай праваабарончай кааліцыі пытаньне аб прызнаньні палітвязьнямі, бо прысуд занадта жорсткі і, пры адсутнасьці палітычных матываў, быў бы меншым»,— сказаў Стэфановіч.