Мэр Масквы Сяргей Сабянін аб’явіў аб двухтыднёвых вакацыях у сталічных школах з 5 па 18 кастрычніка з прычыны росту колькасьці выпадкаў захворваньня каранавірусам.
Звычайна восеньскія канікулы ў расейскіх школах доўжацца адзін тыдзень. «Паводле рэкамэндацыі санітарных лекараў, з улікам восеньскага пад’ёму прастудных захворваньняў і росту выяўленых выпадкаў COVID-19 мною прынятае рашэньне павялічыць працягласьць восеньскіх канікул да двух тыдняў», — гаворыцца ў заяве Сабяніна.
Дыстанцыйныя урокі ў гэты час праводзіцца ня будуць. Таксама на два тыдні прыпыняць працу ўстановы дадатковай адукацыі. Дзіцячыя сады будуць працаваць у звычайным рэжыме.
Сабянін заклікаў бацькоў растлумачыць дзецям, што ў час канікул лепш заставацца дома або на дачы, а шпацыраваць пажадана ў найбліжэйшым парку ці ў двары. «На сёньня значная частка тых, хто захварэў, нярэдка бессымптомныя — гэта дзеці. Прыходзячы дадому, яны вельмі лёгка перадаюць вірус дарослым і членам сям’і, якія хварэюць значна цяжэй», — гаворыцца на сайце мэра.
25 верасьня ўлады Масквы афіцыйна зьвярнуліся да людзей, старэйшых за 65 гадоў, цяжарным і тых, хто пакутуе на хранічныя захворваньні, з заклікам не выходзіць з дому без крайняй неабходнасьці, гэта значыць фактычна аднавіць «рэжым самаізаляцыі», падобны на той, што быў вясной. Сабянін паабяцаў, што пэнсіянэраў ня будуць штрафаваць за выхад з хаты. Акрамя таго, супрацоўнікам буйных прадпрыемстваў рэкамэндавана працаваць дыстнцыйна. У Маскве таксама дзейнічае масачны рэжым у крамах і грамадзкім транспарце.
У Беларусі апошні месяц назіраецца ўстойлівы рост афіцыйна прызнаных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі. Цяпер ён большы за 300 у дзень.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ