У раённых судах Гомля разглядалі справы затрыманых напярэдадні АМАПам. 27 верасьня падчас маршу супрацоўнікі АМАП ужывалі для разгону пярцовы газ, сьвятлашумавыя ракетніцы і халастыя стрэлы ўверх. Людзей жорстка затрымлівалі.
Пад перасьлед трапіла група валянтэраў (бо АМАП няправільна прачытаў на іх бэйджах, што яны рэпартэры), кандыдат філялягічных навук, выкладчыца ўнівэрсытэту Натальля Суслава, чалавек з псыхічным захворваньнем, які на акцыі махаў рукамі і крычаў «Мы за мір!».
Групе валянтэраў, у якой пераважна дзяўчаты, суд Чыгуначнага раёну прысудзіў штрафы па 20 базавых велічыняў. Ноч яны правялі ў ІЧУ.
Чалавека з псыхічным захворваньнем судзьдзя накіравала на экспэртызу, каб высьветліць — ці можа ён адказваць за свае дзеяньні.
Студэнты і некаторыя выкладчыкі ГДУ імя Скарыны дарма правялі дзень у судзе ў чаканьні Натальлі Суславай. Яе прывезьлі з ІЧУ на суд, але начаваць ізноў вярнулі ў ІЧУ. Мяркуецца, што суд адбудзецца заўтра.
Найбольш за ўсіх атрымаў Дзьмітрый Івашкоў — 27 сутак. Суд пакараў яго за ўчарашнюю акцыю 20 суткамі, і сем сутак яшчэ Дзьмітрый мусіць «даседзець» за жнівеньскі арышт.
15 сутак атрымаў праваслаўны сьвятар Уладзімер Драбышэўскі. Ён ужо правёў 10 сутак у ІЧУ, і сёньня яго судзілі паўторна — за чарговую акцыю. Ён стала ўдзельнічаў у пратэстах.
Судзьдзя Сяргей Салоўскі разглядаў сёньня некалькі адміністрацыйных спраў. Усім мужчынам даваў па 10 сутак арышту. 32-гадовай настаўніцы зь Веткі Дзіне Шчэбавай прызначыў пакараньне — 5 сутак арышту.
У рапарце міліцыя напісала, што Дзіна ўдзельнічала ў несанкцыянаванай акцыі, а менавіта — вадзіла карагод вакол фантану.
Судзьдзя пацікавіўся:
— Чаму вы карагод вадзілі?
— А што дрэннага ў карагодах?
— А чаго карагоды вадзіць, калі Новы год не наступіў?
Доказам віны Дзіны былі здымкі са СМІ.
30-гадовы Сяргей Альвінскі з Жыткавічаў прызнаны міліцыяй удзельнікам несанкцыянаванай акцыі. Ён разам зь іншымі людзьмі таксама вадзіў карагод і сьпяваў гімн Рэспублікі Беларусь.
Судзьдзя Салоўскі пацікавіўся:
— Зь якой нагоды вы сьпявалі гімн?
— Хіба выкананьне гімну — парушэньне закону?
— Але зь якой нагоды вы сьпявалі?
— Гэта быў пратэст супраць беззаконьня ў Беларусі, і я згодны з пратэстуючымі.
Альвінскі атрымаў 10 сутак. Таксама 10 сутак атрымалі Ўладзіслаў Дземчанка, Павал Бліноў, Арцём Філановіч, Валер Сьцепанцоў, Валер Самоненка, Дзьмітры Гурэеў і іншыя. 15 сутак атрымаў артыст «Тэатру адкрытых» Леанід Маркевіч. Заўтра суды працягнуцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі супраць дэманстрантаў прымянялі газ і сьвятлашумавую ракетніцу, затрымалі 20 чалавек. ФОТА