Увечары 26 верасьня супрацоўнікі Фрунзэнскага РУУС Менску затрымалі траіх студэнтаў (18 і 19 гадоў). Маладыя людзі падазраюцца ў нанясеньні шэрагу абразьлівых надпісаў на абвестках, расклееных каля пад'езду дома, дзе пражывае камандзір сталічнага АМАПу Дзьмітрый Балаба, паведамляе сайт менскай міліцыі.
Са слоў студэнтаў, яны вырашылі тут «патусавацца», даведаўшыся з інтэрнэту, што машына і фасад шматкватэрнага дома міліцыянта размаляваныя пагрозьлівымі і зьневажальнымі надпісамі. Як гаворыцца на сайце ГУУС Менгарвыканкаму, яны нанесьлі гелевай асадкай на папяровую абвестку надпіс «Балаба — забойца».
Паразмаўляць з хлопцамі прыйшоў сам Дзьмітры Балаба.
— Хто мяне пасьмеў абвінаваціць у тым, што я забойца? Мне проста вельмі цікава. А вы суд ужо ў Рэспубліцы Беларусь? — пытаецца камандзір АМАПу.
— Проста асабістае меркаваньне, — адказвае адзін з затрыманых.
— Проста так вырашылі выказаць сваё асабістае меркаваньне? — удакладняе Балаба.
— Так.
— Яно мне крыўдна і не адпавядае рэчаіснасьці, — кажа Балаба. — А вы ў курсе, што будзеце па законе несьці адказнасьць? Сапсаваць сабе жыцьцё ў 18 год — гэта нармальна?
Паводле менскай міліцыі, хлопцы раскайваюцца ва ўчыненым і папрасілі ў Балабы прабачэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стралялі на паражэньне». Сьведка гібелі Тарайкоўскага зьехаў ва Ўкраіну і расказаў, як гэта было