Першамайскі суд Віцебску разглядаў сёньня справу журналіста «Белсату» Зьмітра Казакевіча, якога вінавацілі па адміністрацыйным артыкуле 23.34.
9 жніўня Зьмітра Казакевіча затрымалі на плошчы Перамогі ў Віцебску і зьмясьцілі ў ІЧУ. Праз тры дні яму прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту, а 14-га разам з усімі вызвалілі без тлумачэньня прычынаў. Атрымлівалася, што журналіст адседзеў 5 сутак з 10-ці.
«Неадбытыя суткі на мне віселі, і мы абскардзілі гэтую пастанову, і судзьдзя Іванова ў абласным судзе адмяніла гэтую пастанову і накіравала на новы разгляд з новай судзьдзёй», — сказаў Свабодзе журналіст.
Сёньня якраз і адбыўся паўторны разгляд справы судзьдзёй Веранікай Барысавай.
«У матэрыялах справы было вельмі многа недакладнасьцяў, памылак, недаробак. Мы ўжо ведалі, што нешта ня так, але чакалі, што будзе яшчэ 5 сутак арышту».
Падчас працэсу трое журналістаў-сьведак паказалі, што затрымлівалі Зьмітра Казакевіча не на тым месцы, якое пазначана ў пратаколе. У якасьці сьведкі пагадзіўся выступіць нават журналіст БЕЛТА.
«Яшчэ адзін сьведка-вайсковец, Віталь Грудзінскі, які нібыта складаў на мяне пратакол і рапарт аб затрыманьні, ён выступаў празь відэасувязь і нечакана пачаў казаць, што ніякіх рапартаў і пратаколаў ён не складаў. Калі яму паказалі паперы, ён сказаў, што гэта не ягоны почырк і не ягоны подпіс. Ён сказаў, што нікога не затрымліваў, а проста канваяваў людзей, і адвозіў не на аўтазаку, на якім я ехаў, а на міліцэйскай „Газэлі“. І тут стала зразумела, што справа проста пасыплецца, бо тут падлог», — сказаў Зьміцер.
Пасьля гэтага судзьдзя аб’явіла перапынак у працэсе на чатыры гадзіны і пастанавіла скасаваць справу празь недаказанасьць віны. Пасьля гэтага ад імя суду Вераніка Барысава папрасіла прабачэньня ў Зьмітра Казакевіча.
«Мы крыху ў шоку, але праваабаронцы кажуць, што было б правільна скасаваць маю справу не празь недаказанасьць віны, а праз адсутнасьць складу правапарушэньня. Бо я там выконваў свае журналісцкія абавязкі, ніякіх лёзунгаў не выкрыкваў, і там не было масавых мерапрыемстваў, а міліцыянты хапалі проста мінакоў, якія праходзілі каля аўтазаку».
Зьміцер Казакевіч будзе дамагацца матэрыяльнай і маральнай кампэнсацыі за адседжаныя пяць сутак.
«Кропку я ня стаўлю», — сказаў журналіст.